Трагічнае здарэнне адбылося 2 ліпеня ў вёсцы Быстрыца каля 20:00. У штучным вадаёме, прызначаным для палівання гароду, ўтапіўся 4-гадовы хлопчык, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
У той дзень дзіця знаходзілася разам з бацькам у гасцях у бабулі. Увечары ён гуляў адзін без нагляду дарослых непадалёк ад дома, дзе размешчаны вадаём. Яго памеры 6х18 м, глыбіня каля 1,1 м.
Бабуля ў той час знаходзілася ў доме, а бацька рамантаваў дах. Мужчына стаў клікаць сына і адправіўся яго шукаць. Неўзабаве бацька знайшоў цела сына ў вадаёме. Хлопчык быў мёртвы.
Па факце смерці Кобрынскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь праводзіць праверку. Бацькі хлопчыка пражываюць у Кобрыне і характарызуюцца станоўча.