Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі ў выпадку рэгістрацыі не маюць намеру здымаць свае кандыдатуры падчас выбарчай гонкі, заявілі лідары кааліцыі журналістам 4 ліпеня на пікеце па вылучэнні кандыдатам намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.

Пікет прайшоў у Мінску, ля галоўнага ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад.

«Кандыдаты правацэнтрысцкай кааліцыі не будуць здымацца, таму што сёння адсутнасць моцных кандыдатаў у бюлетэнях — гэта падарунак Ярмошынай і тым, хто імкнецца сфальсіфікаваць выбары. Бо гульня беларускіх уладаў застаецца нязменнай: гэта прызначэнне так званай апазіцыі ў парламент і выдача гэтага за дэмакратызацыю, якая адбылася ў Беларусі», — заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, зняцце апазіцыйных кандыдатаў з перадвыбарнай гонкі будзе падарункам уладам, «таму што ім тады фальсіфікаваць будзе няма чаго». Рымашэўскі ўдакладніў, што ад кааліцыі па ўсёй краіне маюць намер вылучацца больш за 90 чалавек, дзве траціны з якіх ужо падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Частка патэнцыйных кандыдатаў, дадаў сустаршыня БХД, маюць намер вылучацца па партыйным спісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў сувязі з тым, што «на многіх з іх быў аказаны націск» падчас персанальнага вылучэння.

«Тактыка зняцця мела пэўны попыт чатыры гады таму, калі была магчымасць заклікаць да байкоту менавіта ў знак пратэсту. Сёння такой магчымасці няма, і наша галоўная задача — каб як мага большая колькасць людзей падчас эканамічнага крызісу прагаласавалі за выбар правацэнтрыстаў, за новы эканамічны курс, еўрапейскі выбар, палітычныя рэформы», — заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

«Для чаго мы ідзем у гэтую кампанію? Менавіта для таго, каб выходзіць у цэнтр Мінска, Бабруйска, Смаргоні, размаўляць з людзьмі і даносіць нашу пазітыўную альтэрнатыву. Мы бачым абсалютнае банкруцтва ўладаў, мы бачым поўны эканамічны тупік», — працягнуў палітык. Ён падкрэсліў, што падчас выбарчай кампаніі правацэнтрысты маюць намер сабраць доказы нелігітімным выбараў, таго, што «яны праводзяцца не ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ».

Адзначым, што менавіта пасля заклікаў да байкоту выбараў падчас агітацыйнай кампаніі з боку апазіцыйных кандыдатаў і зняцця многіх з іх з выбарчай гонкі падчас парламенцкіх выбараў 2012 года ў выбарчае заканадаўства былі ўнесеныя змены, якія забараняюць агітацыю за байкот.

Парламенцкія выбары пройдуць 11 верасня

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?