Пасля дэнамінацыі абнуліліся бонусы ў праграме лаяльнасці «Купілка» гандлёвай сеткі «Суседзі».

Карэспандэнт БелаПАН, які зрабіў 4 ліпеня першыя пасля дэнамінацыі пакупкі ў «Суседзях», убачыў у чэку, што на яго рахунку толькі бонусы, налічаныя падчас гэтай пакупкі (па правілах праграмы яны складаюць 1% сумы чэка).

Паводле слоў касіра, гэта не першы выпадак, і яна параіла звярнуцца на інфалінію гандлёвай сеткі. Аператар паведаміла, што зваротаў з нагоды абнулення бонусаў многа; праблема звязана з дэнамінацыяй і неабходнасцю наладкі абсталявання. Прадстаўнік «Суседзяў» заявіла, што праблемы будуць вырашаны на працягу некалькіх дзён.

Між тым перад дэнамінацыяй, 24 чэрвеня, «Суседзі» размясцілі на сваім сайце паведамленне, якое мела на ўвазе бязбольны пераход на разлікі ў новых грашах (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя): «Паважаныя нашы пакупнікі! Спяшаемся вас супакоіць або ўзрадаваць або здзівіць або падарыць усе гэтыя эмоцыі адначасова! Назапашаныя вамі бонусы пасля дэнамінацыі 01.07.2016 — не згараць! Бонусы будуць таксама дэнамінаваныя па агульным прынцыпе! Напрыклад: да 01.07.2016 года ваш баланс складаў 26 800 бонусаў пасля 01.07.2016 будзе складаць 2,68 бонусаў». Паведамленне мела загаловак «Бонусы і дэнамінацыя!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?