Экс-міністр эканамічнага развіцця Расіі і сённяшні кіраўнік Сбербанка Герман Грэф адказаў на пытанне карыстальніка «Вконтакте», у якіх валютах захоўваць зберажэнні ў сённяшніх эканамічных умовах, піша rbc.ru.
rbc.ru
У кошыку могуць быць даляры ЗША, швейцарскія франкі, нарвежскія кроны і сінгапурскія даляры.
Выбар валюты, у якую можна укладваць грошы, залежыць ад сумы зберажэнняў, калі гаворка ідзе пра 100 тыс. расійскіх рублёў (г.зн каля 3 100 новых беларускіх, або 1 550 даляраў), то іх лепш не канвертаваць у замежную валюту.
«Ці залежыць ад таго, колькі ў вас грошай і чым вы займаецеся. Наогул лепш за ўсё грошы мець у руху, гэта значыць не пад падушкай. Самы, вядома, надзейны спосаб — гэта дэпазіты. У якой валюце — гэта залежыць ад таго, у якой валюце вы жывяце. Калі вы жывяце ў рублях і ў вас [ёсць] 100 тыс. расійскіх руб., трымайце іх у рублях. Не трэба вам хадзіць ні ў якую валюту, бо, на мой погляд, расійскі рубель пакуль мае тэндэнцыю да ўмацавання», — заявіў Грэф.
А вось укладвацца ў еўра Грэф цяпер не раіць.
«Калі вы маеце нейкую частку вашых тратаў у еўра, то, вядома, трэба мець і еўра. Што да захавання… Еўра сёння дастаткова валатыльны, і лёс еўра, асабліва ў сувязі з Brexit, досыць няпэўны. Я б сказаў так, для прафесійнага інвестара цяпер адкрылася акно для інвеставання, непрафесійнаму інвестару я б не рэкамендаваў ні еўра, ні фунты, — растлумачыў прэзідэнт Сбербанка.
Тое, як менавіта ў найбліжэйшай будучыні будзе мяняцца курс расійскага рубля, Грэф прагназаваць адмовіўся, патлумачыўшы гэта няведаннем таго, якой будзе цана на нафту. Аднак у выпадку агульнага паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы рубель, паводле яго слоў, можа прыкметна ўмацавацца.