23.05.2008 / 15:46

Радыенукліды выяўлены ў арганізьме ўсіх жыхароў Пінску 3

Радыенукліды выяўлены ў арганізме 100% абследаваных грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі Пінска (Брэсцкая вобласць) і Пінскага раёна. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў член‑карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка.

Такія, паводле яго слоў, вынікі рэалізацыі грамадскага праекта па інфармацыйным забеспячэнні сістэмы радыяцыйнай абароны людзей у Пінскім раёне. Ініцыятарам і куратарам праекта, які ажыццяўляецца з 1 красавіка пры падтрымцы дзяржструктур, з’яўляецца прафесар І.Нікітчанка.

Ён расказаў, што радыенукліды выяўлены ў арганізме ўсіх 34 выпадкова выбраных і абследаваных жыхароў Пінска і навакольных вёсак.

«Прычым усе абследаваныя скардзяцца на хранічныя захворванні. Падобныя вынікі былі нядаўна атрыманы ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, Мінскім раёне і Мінску. Гэта сведчыць аб тым, што на ўсёй тэрыторыі краіны захоўваецца небяспека радыяцыйнага забруджвання арганізму праз прадукты харчавання. У гэтай сітуацыі неабходна мяняць дзяржаўную канцэпцыю бяспечнага пражывання на тэрыторыях, забруджаных радыяцыяй, паколькі ўся Беларусь заражана радыенуклідамі. Вось чаму павінна быць паўсюднай сістэма радыяцыйнай абароны насельніцтва», — падкрэсліў вучоны.

Паводле яго слоў, радыенукліды ў любой колькасці шкодныя для арганізму, паколькі разбураюць яго клеткі і імунітэт, робяцца прычынай розных хвароб і скарачаюць працягласць жыцця чалавека.

Аднагадовы праект прадугледжвае правядзенне інфармацыйных семінараў з валанцёрамі з 24 раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей з удзелам супрацоўнікаў ПУП «Беларускі інстытут радыяцыйнай абароны» («Белрад») і былога Інстытута радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя. На кожным семінары з удзелам дабравольцаў разглядаюцца пытанні радыеактыўнага забруджвання людзей, іх медыцынскага абследавання, а таксама прадухілення трапляння радыенуклідаў у арганізм чалавека. Арганізатары праекта лічаць, што веды, атрыманыя на семінарах, валанцёры распаўсюдзяць сярод насельніцтва рэгіёнаў, найбольш пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Для правядзення першасных і кантрольных даследаванняў выкарыстоўваюцца мабільныя лабараторыі, аснашчаныя абсталяваннем для вымярэння радыяцыйнага забруджвання чалавека і прадуктаў харчавання. Гэтыя лабараторыі перададзены беларускай грамадскасці амерыканскімі дабрачынцамі.

Марат Гаравы, БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Мясьцовы / Адказаць
23.05.2008 / 22:43
Палічыце колькі на Століньшчыне!!!!!
0
Актывіст / Адказаць
24.05.2008 / 09:47
Усім беларусам павінна быць зразумела, што рэжым, які агітуе каб нашыя грамадзянне вярталіся на забруджанныя тэрыторыі, ёсць не беларускі, а акупацыйны.
0
Кнехт / Адказаць
24.05.2008 / 10:53
Хутка "народная ўлада" возьмецца за Нікітчанку - затрымаюць за "парушэнне стабільнасці" ...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру