Культура55

Алег Хаменка: «Якая нам карысьць ад «Эўрабачаньня»?

Зь лідэрам гурту «Палац» гутарыць Наталка Бабіна.

«Наша Ніва»: Раскажыце, калі ласка, пра сябе: адкуль Вы, хто Вашыя бацькі, як адбывалася Вашае сталеньне, адкуль займелі цікавасьць да аўтэнтыкі?

Алег Хаменка: Нарадзіўся я ў Менску. Дзяцінства і юнацтва маё зьвязаныя зь менскім мікрараёнам Чыжоўка. Пазьней былі іншыя «прэстыжныя» мікрараёны: Дражня, Малінаўка. Мой бацька з Палесься — вёска Браніслаў Жыткавіцкага раёну Гомельшчыны. Маці з заходняй Меншчыны, зь вёскі Шашкі, што між Івянцом і Стоўпцамі. Сярод маіх родных амаль усе былі здатныя да музыкі і слова, магчыма, адсюль мае захапленьні даўнейшай песьняй.

«НН»: Дзе Вы цяпер жывяцё, чым цікавіцеся, акрамя працы? Як бавіце вольны час? Раскажэце пра жонку, дзяцей, найлепшых сяброў.

АХ: Жыву я ў Менску, мікрараён Малінаўка. Думаю, што перабрацца ў цэнтар не хапае ня толькі грошай, але і жаданьня. Жанаты я амаль дваццаць год. Мая жонка Жанна зь Віцебшчыны. Сын вучыцца і працуе тэлевядоўцам праграмы «К‑игры» на 8‑м канале. Сяброў у мяне багата. Кажуць, што «сапраўдных сяброў» адзінкі. У мяне ня так. Але дзясятак прозьвішчаў проста пералічыць — які сэнс? А распавесьці пра кожнага… наступным разам. Акрамя музыкі і аўтарскіх радыёпраграм, я выкладаю мэнэджмэнт у сацыякультурнай сфэры ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, захапляюся культуралёгіяй, этналёгіяй і працую над дысэртацыйным дасьледаваньнем, зьяўляюся сябрам музычнага парталу «Тузін гітоў»… Карацей — усяго не пералічыць. Вольны час — як і ўсе: сябры, родныя, падарожжа, прырода.

«НН»: Як Вы прыйшлі да сёньняшняй адметнай творчай манеры? Ці — у гэтым сэнсе — Вы мелі настаўнікаў?

АХ: Напэўна, Вы кажаце пра манеру сьпяваць? Ёсьць такое разумнае слова — «самадыдакт». Гэта прыкладна так, як Армстронг вучыўся на трубе граць джаз — ад пачуцьцяў, ад таго, як сьпявалі суайчыньнікі, ад унутранага самааналізу. Ды і раней у вёсках ніхто нікога не вучыў. Сьпявалі як чулі, манеру пераймалі на слых. Мне здаецца, што, калі я ўжо валодаў гэтай манерай сьпяваць, нейкім штуршком, каб паспрабаваць рабіць гэта на сцэне, зьявілася знаёмства з творчасьцю ансамблю Пакроўскага і самадзейным ансамблем пад кіраўніцтвам Івана Кірчука.

«НН»: Я не спэцыяліст, але слухаць тое, што цяпер гучыць пад назвай «песьні» па радыё і тэлевізары, вельмі часта не магу. Чаму, на Вашу думку, так многа «ніякай» музыкі?

АХ: Цяпер у сьвеце ўся музыка імкнецца да функцыянальнасьці: танцавальная, для шоў‑пастановак, для кінастужак, фонавая, на кожны дзень, для сьвята і г.д. Гэта зьвязана з тым, што музычны бізнэс патрабуе штодзённага аднаўленьня. А стварыць дзясятак моцных сьпеўных твораў можа толькі геніяльны творца. Звычайна гэта адна—дзьве песьні за жыцьцё. А як зарабіць далей? За што жыць? Таму патрэбна канвэернае стварэньне музыкі. Шчырай песьні, безумоўна, не хапае, і галоўным чынам таму, што народныя, спрадвечныя песьні мы забыліся, а савецкія сьпеўныя гіты згубілі актуальнасьць у новай сыстэме каштоўнасьцяў. Такое дрэннае для беларускай песьні становішча, мне здаецца, у найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі захаваецца. Гэта будзе час аднаўленьня спадчыны і адсеву лухты дзеля назапашваньня новай культурна‑музычнай скарбніцы.

Чыноўнікі не гатовыя ўявіць эўра‑гіт па‑беларуску

«НН»: «Кола грукатала» — геніяльная песьня, на маю думку, у якой тэкст, музыка, выкананьне бездакорныя і ўзмацняюць адно другое. Як яна стваралася?

АХ: Нагадаю, што слова «геніяльны» ўжываецца толькі па нейкім часе пасьля сьмерці аўтара. Адзінае, што мушу сказаць, — гэта твор, над якім мы працавалі недазвольна доўгі час — амаль тры гады.

«НН»: «Кола грукатала» ня трапіла на Эўрабачаньне. Як Вы думаеце, чаму? Ці засмуціла Вас гэта?

АХ: Цудам было тое, што мы падалі заяўку і нас адабралі ў паўфінал. Цудам было тое, што тэлефоннае галасаваньне (пры безумоўнай спрэчнасьці вынікаў) паказала, што грамадзтва куды больш прасунутае, чым шаноўнае журы. Але каб яшчэ і гурт, якога не паказвалі на дзяржаўных каналах тры гады, зь беларускамоўнай песьняй паехаў прадстаўляць сваю краіну і БДТРК на Эўрабачаньне… Ну, такога цуду нават чакаць было нерэальна.

На жаль, журы і чыноўнікі пакуль яшчэ не гатовыя адпрацаваць усе неабходныя атрыбутыўныя рэчы, каб на Эўрабачаньне паехалі нашыя выканаўцы, а не праекты расейскіх прадусараў ці жонкі расейскіх прадпрымальнікаў. Не гатовыя ўявіць сабе эўра‑гіт на беларускай мове. Аднак якасны крок дзеля таго, каб журы і Белтэлерадыёкампанія задумаліся, — мы зрабілі. Бо якая карысьць Беларусі і нашаму тэлебачаньню ад удзелу ў гэтым фэсьце Агурбаш, Калдуна?.. Гэтыя асобы і іх талент ужо ёсьць здабыткам шоў‑бізнэсу іншай краіны ды і іншай культуры. А трэба прасоўваць прадстаўнікоў сваёй. Няхай апошняе месца, але на роднай мове. Няхай кепскі кліп, але каб нашыя вобразы, сымбалі, рэжысэры, апэратары, суча¬сныя беларускія мастакі і фэшн‑дызайнэры. Трэцім, чацьвертым разам навучыліся б рабіць больш‑менш якасны ўласны прадукт… і цяпер Беларусь была б пазнавальнай і чаканай на экране. Гэта была б разумная стратэгія.

Якая карысьць Беларусі і нашаму тэлебачаньню ад удзелу ў Эўрабачаньні Агурбаш, Калдуна?..

«НН»: Як бы Вы акрэсьлілі ўзровень гэтага конкурсу? Чаго там больш: мастацтва ці бізнэсу?

АХ: Мастацтва цяпер падзяляецца на клясычнае — якое неабходна падтрымліваць, бо гэта падмурак; папулярнае — якое здольнае існаваць як бізнэс; і стратэгічнае — якое стварае спрыяльныя сацыякультурныя ўмовы для прасоўваньня эканамічных бізнэс‑інтарэсаў. Таму ўзровень Эўрабачаньня даволі сур’ёзны, аднак мастацтва папулярнае і стратэгічнае там займае галоўныя пазыцыі.

Няўтульна, але ўпэўнена

«НН»: Ці многа Вы цяпер выступаеце? Дзе Вас можна пачуць?

АХ: Даволі шмат замоўленых прыватных выступаў і канцэртаў. Білетныя канцэрты граем даволі рэдка. У найбліжэйшым часе — у Віцебску 26 траўня, у Беластоку — 2 чэрвеня.

«НН»: Ці адчуваеце задавальненьне ад працы, ці няма ў Вас пэўнай стомленасьці? Ці Вы жывяцё на тое, што зарабляеце як музыка?

АХ: Працы вельмі шмат. І запісы, і рэпэтыцыі. Але ўсе хлопцы забыліся пра колькасьць і ўпёрліся ў якасьць. Я пакуль падзяляю гэты погляд. Наконт заробкаў: за ўсё жыцьцё ня бачыў творчых людзей, якім бы хапала грошай…

«НН»: Ці Вы ўтульна пачуваецеся ў сьвеце беларускага шоў‑бізнэсу, ці ўсё ж стаіцё па‑за ягонымі рамкамі?

AХ: Ня тое каб утульна, але даволі ўпэўнена.

«НН»: Як Вы ставіцеся да сваёй творчасьці: гэта нешта больш штодзённае, актуальнае, ці больш імкненьне да вечнага?

АХ: Калі чалавек штосьці стварае, ён імкнецца наблізіцца да Божага вобразу, бо мы створаныя паводле Ягонага падабенства. Творчасьць — гэта жыцьцёвая неабходнасьць.

«НН»: Вы, пэўне, многа езьдзілі па сьвеце. Якой Вам падаецца Беларусь і беларусы ў параўнаньні зь іншымі краінамі? Ці ёсьць у нас адметнасьці, ці глябалізацыя зраўняла ўжо й іх?

АХ: Моцна гняце падсьвядомы боль, што нам няма чым ганарыцца і ўсё «ў нас» расстраляна і зруйнавана, а «ў іх» выжыла і захавалася. Нам відавочна нестае самасьвядомасьці і самапавагі, сказаў бы нават — гонару. А гонар набываецца дзесяцігодзьдзямі праз адказнасьць за ўласныя справы і павагу да спадчыны.

Гутарыла Наталка Бабіна

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць