Па словах намесніка дырэктара беларускага музычнага фэсту, кіраўніцтва аддало перавагу расейскаму ўдзельніку «Еўрабачання».

Арганізатары музычнага фестывалю «Славянскі базар», які стартуе ў Віцебску 14 ліпеня, вырашылі адмовіцца ад выступу пераможцы «Еўрабачання-2016» — украінскай спявачкі Джамалы. Пра гэта стала вядома з крыніц у аргкамітэце фестывалю. Раней выступ пераможцы «Еўрабачання» заўсёды быў галоўным упрыгожваннем праграмы «Славянскага базару». Аднак у выніковых афішах фестывалю імя Джамалы так і не з'явілася. З крыніц у аргкамітэце «Славянскага базару» стала вядома, што перамовы з выканаўцай вяліся некалькі месяцаў, аднак арганізатары не змаглі задаволіць шэраг умоў украінскай дэлегацыі і вырашылі адмовіцца ад запрашэння яе ў якасці госця. Галоўнай прычынай адмовы ў кулуарах конкурсу называюць асцярогі арганізатараў і імкненне пазбегнуць палітычных акцый, якія каманда Джамалы дазваляла сабе падчас «Еўрабачання» ў Швецыі.

Па словах намесніка дырэктара фестывалю Юліі Вайлунавай, адсутнасць у праграме пераможцы «Еўрабачання» яны не лічаць вялікай стратай.

— У нас выступіць іншы ўдзельнік «Еўрабачання», ад Расіі, — Сяргей Лазараў, усе вельмі задаволеныя гэтым выбарам, — паведаміла Вайлунава. — Таксама выступіць удзельнік гэтага года ў «Еўрабачанні» спявак IVAN. Для нас гэтага дастаткова.

Вайлунава палічыла за лепшае ўстрымацца ад каментароў з нагоды перамоваў з Джамалой і абмеркаванняў яе умоваў удзелу ў культурнай падзеі.

— Часам мы запрашаем пераможцу сёлетняга «Еўрабачання», а часам не. Гэта цалкам наша воля, — патлумачыла намеснік дырэктара. — У гэтым годзе пераможцы ў Віцебску не будзе. У нас не было часу займацца абмеркаваннем умоў прыезду Джамалы. Нам трэба было вырашаць іншыя задачы, вось і ўсё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?