23.05.2008 / 20:43

Расейскія вытворцы агратэхнікі крычаць пра беларускія бар'еры

Расійскія кампаніі сутыкаюцца з сістэмнымі цяжкасцямі пры пастаўках сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусь. Пра гэта БелаПАН заявілі ў расійскім Саюзе вытворцаў сельгастэхнікі "Саюзаграмаш".

Там паведамілі, што дадзеная праблема абмяркоўвалася 16 мая на камісіі па тарыфным і нетарыфным рэгуляванні пры Савеце міністраў саюзнай дзяржавы ў Маскве. Як зазначыў у сваім выступленні дырэктар "Саюзаграмаша" Яўген Карчавы, "расійскія вытворцы паспяхова ўдзельнічаюць у беларускіх тэндэрах на пастаўку сельскагаспадарчай тэхнікі, але беларускі бок штучна зацягвае выкананне сваіх абавязацельстваў".

Так, сёлета кампанія "Ростсельмаш" перамагла ў конкурсе на пастаўку буйной партыі камбайнаў па рэспубліканскай праграме "Аснашчэнне сельскагаспадарчай вытворчасці сучаснай тэхнікай на 2005—2010 гады". Аднак кантракт ва ўстаноўленыя тэрміны заключаны не быў, і машыны не былі закуплены. Адначасова іншы расійскі вытворца — кампанія "Клевер" — выйграў тэндэр на пастаўку ў Беларусь 40 пратручвальнікаў насення ПСМ-25. Пасля перадачы першых пяці машын у Гомельскую вобласць заяўкі на адгрузку перасталі ісці. Кампанія "Мельінвест" была выбрана пастаўшчыком 35 зернесушыльных комплексаў, але рэальна было адгружана толькі два.

Дамоўленасць аб удзеле расійскай тэхнікі для вёскі ў беларускіх рэспубліканскіх конкурсах была дасягнута ў 2007 годзе па ініцыятыве "Саюзаграмаша" і пры падтрымцы расійскіх профільных міністэрстваў. Але замест чаканай ліквідацыі адміністрацыйных бар\'ераў практыкуецца парушэнне агульнапрынятай працэдуры правядзення тэндэраў і адыход ад выканання іх вынікаў, зазначыў Я.Карчавы.

Як лічаць у расійскім Саюзе вытворцаў сельгастэхнікі, Беларусь з дапамогай штучных абмежаванняў імкнецца адмовіцца ад закупак замежных аграрных машын, у тым ліку расійскіх. Між тым, трактары, камбайны і іншая сельскагаспадарчая тэхніка з Беларусі як прадукцыя саюзнай дзяржавы ўключана ва ўсе праграмы падтрымкі аграпрамысловага комплексу, што прымяняюцца ў Расіі. Па выніках пасяджэння тарыфнай камісіі было прынята сумеснае рашэнне разабрацца з аднабаковым развіццём гандлю сельскагаспадарчай тэхнікі, паведамілі ў "Саюзаграмашы".

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Марына Носава, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру