Лідару незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) былому палітвязню Мікалаю Статкевічу ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмоўлена з-за непагашанай судзімасці палітыка.

Статкевіч гэтага чакаў. Сваё рашэнне зарэгістраваць ініцыятыўную групу ён тлумачыў так: «Па-першае, такім чынам правядзем акцыю салідарнасці з тымі, хто мае судзімасці (экс-палітвязнямі). Па-другое, маё вылучэнне будзе тэстам для ўлад: у 2008 годзе на парламенцкіх выбарах, нягледзячы на непагашаную судзімасць, маю ініцыятыўную групу зарэгістравалі». Палітык мае намер правесці ў Мінску «месячнік свабоды» — серыю акцый пратэсту ў перадвыбарчы перыяд.

Яшчэ адзін апазіцыйны лідар, Уладзімір Някляеў — былы палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, кіраўнік руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» — вырашыў не вылучацца кандыдатам у дэпутаты на цяперашніх выбарах, ён збіраўся ўзначаліць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча.

«Як толькі стала зразумела, што, нягледзячы на ўсе намаганні як унутры краіны, так і за яе межамі, дамагчыся свабодных і дэмакратычных выбараў не ўдасца, я адмовіўся ад ідэі ўдзельнічаць у гэтай палітычнай кампаніі. Усе гэтыя тлумачэнні, што такім чынам пашыраецца колькасць прыхільнікаў дэмсіл, я чуў ужо не раз на папярэдніх выбарах. Таму ніякага ўдзелу, акрамя таго, пра што мы дамовіліся са Статкевічам», — сказаў палітык БелаПАН.

Не збіраўся вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. «Такіх планаў не было У мяне на гэтых выбарах іншая функцыя — быць сябрам ініцыятыўных груп усіх нашых прэтэндэнтаў, а пазней — іх даверанай асобай. Гэта пашырае геаграфію і ККД ўдзелу» — лічыць палітык.

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», што ўваходзіць у апазіцыйную правацэнтрысцкую кааліцыю, якая выступае з адзінай пазіцыяй на выбарах, таксама не разлічваў балаціравацца ў парламент.

Рымашэўскі лічыць, што быць даверанай асобай «больш чым трыццаці кандыдатаў» — гэта не менш актыўная праца, чым вылучацца самому». Гэта маё асабістае рашэнне, неабходна падтрымаць людзей, якія вылучаюцца ў першы раз. Вынікі выбараў у «палатку» зразумелыя, туды пройдуць загадзя прызначаныя людзі. Наша задача — праз моцных кандыдатаў і моцную кампанію назірання зламаць сцэнарый па прызнанні гэтых выбараў Захадам», — растлумачыў палітык.

Лідар руху «За Свабоду», што ўваходзіць у правацэнтрысцкую кааліцыю, Аляксандр Мілінкевіч, які на выбарах 2006 года быў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі, таксама не балаціруецца ў Палату прадстаўнікоў. Паводле яго слоў, «павінны з`яўляцца новыя асобы, каб яны рыхтаваліся да рэальных выбараў, якія ў Беларусі калі-небудзь адбудуцца». Пры гэтым Мілінкевіч мае намер актыўна ўдзельнічаць у перадвыбарчых агітацыйных пікетах сваіх намеснікаў Юрася Губарэвіча і Алеся Лагвінца, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты ад руху «За Свабоду».

Лідары кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў аднымі з першых заявілі аб намеры прыняць удзел у парламенцкіх выбарах.

Кандыдат у прэзідэнты на выбараў 2015 года Караткевіч зарэгістравала ініцыятыўную групу ў адным са сталічных выбарчых акруг, Дзмітрыеў — у Дзяржынску (Мінская вобласць). Паводле слоў Дзмітрыева, ён ставіць перад сабой задачу сабраць 1,2 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зарэгістраваў ініцыятыўную групу ў Мінску, але будзе таксама вылучацца па партыйным спісе на з`ездзе арганізацыі, які пройдзе 23 ліпеня.

«Мы з нашага вопыту ведаем, што ўладам значна прасцей прычапіцца да дробязяў ў подпісах, якія сабраныя ў падтрымку кандыдатаў. Яны могуць ціснуць на людзей і прасіць адмовіцца ад подпісу, былі такія выпадкі, на жаль, неаднаразова. А пры партыйным вылучэнні усяго гэтага можна пазбегнуць, гэта больш надзейны спосаб вылучэння. Менавіта таму мы будзем вылучаць нашых кандыдатаў не толькі праз збор подпісаў, а будзем дубліраваць гэта партыйным вылучэннем», — патлумачыў Янукевіч БелаПАН.

На дэпутацкі мандат прэтэндуе і старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

«24 ліпеня пройдзе з`езд партыі, на якім мы будзем вылучаць кандыдатаў. Ад нас пойдзе дзесьці 60 чалавек. Некаторыя ўжо зарэгістравалі ініцыятыўныя групы і збіраюць подпісы, у тым ліку і я», — паведаміў ён.

Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў паведаміў, што патэнцыйныя кандыдаты ад арганізацыі будуць вылучаныя на з`ездзе 17 ліпеня, хоць некаторыя з іх выстаўляюцца двума спосабамі — ад партыі і шляхам збору подпісаў. Пры гэтым у БСДП, якую ўзначальвае Ірына Вештард, пакуль канчаткова не вырашылі, хто канкрэтна з кіраўнікоў партыі можа быць вылучаны кандыдатам. «Усе чакаюць апошняга моманту», — сказаў Барысаў.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня. Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў завяршыўся 7 ліпеня. Вылучэнне кандыдатаў палітычнымі партыямі і працоўнымі калектывамі працягнецца па 1 жніўня ўключна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?