Адкрыты аўкцыён па продажы дому творчасьці «Іслач» перанесены на 10 чэрвеня.

Правядзеньне адкрытага аўкцыёну па продажы аб’ектаў, якія ўваходзяць у склад маёмаснага комплексу ўстановы Санаторый-прафілякторый пісьменьнікаў «Іслач» (Дом творчасьці пісьменьнікаў), прызначанае на 26 траўня, пераносіцца на 10 чэрвеня 2008. Пра гэта паведаміла ліквідацыйная камісія ГА «Беларускі літаратурны фонд».

Распродаж адбудзецца ў Менску, у актавай залі Дзяржкаму маёмасьці, арганізатара аўкцыёну.

На продаж выстаўляюцца галоўны корпус Дома пісьменьнікаў – трохпавярховы будынак, спраектаваны архітэктарам Градавым, жылыя, гаспадарчыя й службовыя будынкі, фінская лазьня, драўлянае КПП, помпавая станцыя, інжэнерныя сеткі, дарожныя пакрыцьці, малыя архітэктурныя формы, цяпліца…

Дом творчасьці пісьменьнікаў знаходзіцца ў Валожынскім раёне каля мястэчка Ракаў, на беразе ракі Іслач, на ўчастку плошчай 18 га.

Пачаткова кожны лот аўкцыёну ацэньваецца на мільён амэрыканскіх даляраў.

У мінулым годзе, адабраўшы ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў памяшканьне, судовыя інстанцыі ўзяліся й за ГА «Беллітфонд».

ГА «Беллітфонд» – спадкаемца Літфонду СССР, заснаванага на базе Літаратурнага фонду, статут якога пісаў яшчэ Леў Талстой. Як паведамлялі СМІ, для прыняцьця вырашэньне пра ліквідацыю аб’яднаньня, судзьдзі Вярхоўнага суду Валер'ю Самалюку спатрэбілася 10 хвілін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?