Вырашальны гол у фінале Еўра-2016 забіў партугальскі нападнік Эдэр. Калі быць дакладным — Эдэрзіту Антоніу Машэду Лопіш.
Няма сумневаў, што ноч з 10 на 11 ліпеня 2016 года — ягоны галоўны момант славы ў жыцці.
«Наша Ніва» расказвае пра кручасты лёс Эдэра.
Эмігрант з Гвінея-Бісау
Хлопец нарадзіўся ў 1987 годзе ў горадзе Бісаў, гэта сталіца Гвінея-Бісау, адной з найбяднейшых краін свету.
Хвілінка статыстыкі.
Паводле падлікаў ААН, сярэдняя працягласць жыцця ў краіне складае каля 55 гадоў (уваходзіць у топ-10 найгоршых паказчыкаў).
Дзве траціны насельніцтва жыве за мяжой беднасці. Будаўніцтва сацыялізму ў 1970—1980-я не дала ніякага плёну. Эканомікі ў Гвінеі-Бісау няма, легальны даход дае толькі нязначны экспарт рыбы і арэшкаў.
Турысты да гэтага месца не дабіраюцца, бо за апошняе дзесяцігоддзе Гвінея-Бісау ператварылася ў сапраўдную наркатычную дзяржаву. Праз яе пракачваюцца тоны какаіну, які перавозіцца з Паўднёвай Амерыкі ў Еўропу.
Гвінея-Бісау здабыла незалежнасць толькі ў 1974 годзе, а раней была калоніяй Партугаліі.
Таму не дзіва, што пасля чарговага крызісу на радзіме бацькі Эдэра паспрабавалі знайсці лепшае жыццё менавіта ў Партугаліі.
Сям’я асела ў акрузе Каімбра, гэта цэнтральная Партугалія. А Эдэр стаў займацца футболам.
Не самы перспектыўны
Высачэзнага хлопца (цяпер ягоны рост — 190 см) адправілі ў атаку, і на юнацкім узроўні гульня ў нападзенні ў яго атрымлівалася.
Праўда, суперперспектыўным Эдэр не быў ніколі — у вышэйшай лізе чэмпіяната Партугаліі дэбютаваў толькі ў 21 год, дый і там заззяў не адразу — спачатку быў толькі адзін гол за 30 матчаў.
За сем гадоў гульні ў «Акадэміцы Каімбры» і «Бразе» ён назабіваў 50 галоў і паспеў дэбютаваць у зборнай Партугаліі.
Адна з паспяховых бізнэс-схем партугальскіх футбольных клубаў — выгадаваць гульца і прадаць яго за добрыя грошы ў іншыя еўрапейскія клубы.
Летась Эдэр прыглянуўся валійскаму «Суонсі», які выступае ў чэмпіянаце Англіі. За 13 матчаў ён не забіў ніводнага гола!
Схапіўшыся за галаву, гаспадары клуба хуценька збылі яго ў французскі «Ліль», дзе Эдэр, па шчырасці, расквітнеў, забіўшы 6 галоў.
Жалезны рэзервіст
У зборнай Партугаліі ад пачатку 2010-х не было ўцямнага нападаючага, аднак у ім не было пільнай патрэбы. Універсальны Крышціяну Раналду клаў у вароты суперніка гол за голам, а Эдэр толькі час ад часу выходзіў на поле.
Да пачатку гэтага года ў яго была катастрафічная статыстыка ў зборнай — 1 гол за 21 гульню!
На Еўра-2016 ён ехаў жалезным футбалістам запасу. Эдэру ўдалося выйсці на пару хвілін у матчах з Ісландыяй і Аўстрыяй. Добра калі ён паспеў хоць дакрануцца да мяча.
А вось у фінале траўма Крышціяну Раналду прымусіла трэнера партугальцаў узмацняць атаку. Паколькі нападаючы ў запасе быў толькі адзін, Эдэр атрымаў час праявіць сябе. Выйшла — лепш не прыдумаеш. Сваім голам на 117-й хвіліне футбаліст прынёс сваёй новай радзіме перамогу на чэмпіянаце Еўропы.