Паэт Уладзімір Някляеў, які ўчора 11 ліпеня, святкаваў сваё 70-годдзе ля помніка Янку Купалу ў Мінску падзякаваў усім, хто прыйшоў у цэнтр беларускай сталіцы вечарам у панядзелак.

Злева направа: Леанід Кулакоў, Вольга Някляева, Зміцер Дрозд, Максім Вінярскі, фота Еўрарадыё

Злева направа: Леанід Кулакоў, Вольга Някляева, Зміцер Дрозд, Максім Вінярскі, фота Еўрарадыё

Някляеў напісаў у сваім фэйсбуку:

«Дарагія людзі, дзякую за свята, прынесенае 11 ліпеня да помніка Янку Купалу разам з кветкамі!

Мне сказалі, што відаць было, як на прэзентацыі кнігі «Толькі вершы» я хваляваўся. Не стану гэтага аспрэчваць. Так, хваляваўся. Бо ніхто не мог гарантаваць, што не набягуць міліцыянты, не пачнуць складаць пратаколы на штрафы ці затрымліваць людзей. І ніхто з тых, хто прыйшоў у Купалаўскі сквер, не ведаў, чым усё скончыцца.

Шмат хто з маіх знаёмых тэлефанаваў і прабачаўся, што не можа прыйсці, бо штрафу, большага за зарплату, не пацягне. Таму я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто, нягледзячы на магчымыя рэпрэсіі, усё ж прыйшоў.

Вы прыйшлі - і мы разам паказалі, што мы свабодныя людзі, гаспадары ў сваім горадзе. Прадэманстравалі, што не прымаем паліцэйшчыну з яе ідыёцкімі законамі, што ніхто нам не будзе ўказваць, дзе нам чытаць вершы, спяваць песні.

Вы прыйшлі, як пісаў Купала, ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!

Самае галоўнае, што выявілі вы каля помніка Купалу - чалавечая годнасць. Гэта найпершае, што я асабіста цаню ў кожным - і стараюся не страціць у сабе. Нідзе, ні ў якіх умовах. Без годнасці няма чалавека, няма без годнасці народа. І ў каторы раз я пераконваюся, што яна ў нас, у беларусах, ёсць. Таму й жыве Беларусь!

Бясконца наша мара аб свабодзе
Вядзе нас па зямлі і па вадзе,
Як сонца, што ніколі не заходзе,
Як зорка, што ніколі не ўпадзе!

Яшчэ раз дзякуй вам за свята!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0