Паўтара года таму «Наша Ніва» публікавала гісторыю Сяргея — чалавека, які збудаваў сабе ў лесе пад Баранавічамі зямлянку і жыве там, зарабляючы грошы зборам макулатуры ды лому.

Так зямлянка Сяргея выглядала мінулай вясной. Фота Ірыны Арахоўскай.

Так зямлянка Сяргея выглядала мінулай вясной. Фота Ірыны Арахоўскай.

Матэрыял стаў надзвычай папулярным — яго перадрукоўвалі іншыя СМІ, інтэрнэт-форумы, суполкі Укантакце з мільёнамі падпісантаў.

Нядаўна Сяргей сам патэлефанаваў у рэдакцыю «НН» і запрасіў да сябе журналістаў, каб расказаць, да чаго прывяла знакамітасць і абвергнуць гарадскія чуткі, што нібыта пасля публікацыі ўлады выгналі яго з зямлянкі.

Сяргей сустрэў нас пад вечар непадалёк ад лесу, у якім жыве.

Мужчына цэлы дзень быў на працы, нават не паспеў нармальна паесці. Купіўшы трохі на перакус, мы пайшлі лясной сцежкай да зямлянкі — за паўтара года там мала што змянілася, хіба прыступкі ў жыллё Сяргей зрабіў цэментнымі, каб іх не размывала вада.

Пад простую вячэру з хлеба і рыбы Сяргей пачаў расказваць, што адбылося з ім пасля таго, як «Наша Ніва» апублікавала першы матэрыял.

Сяргей ідзе з халтуры. У вазку — правады, якія ён назбіраў на звалцы. 

Сяргей ідзе з халтуры. У вазку — правады, якія ён назбіраў на звалцы. 

«Мо тыдзень прайшоў, — пачаў прыгадваць мужчына. — А можа два. Ішоў я тады ўздоўж лесу з работы, і бачу — УАЗік стаіць. Ну мяне як дзёрнула — па маю душу. З УАЗіка выйшлі людзі і адразу да мяне — як ваша прозвішча? Паехалі з намі. А я кажу — на якой падставе? Ну так, у зямлянцы жыву, але не скраў нічога. Мне ў адказ — усё нармальна, проста з табой начальства пагаварыць хоча. Чаму? Дык ты, маўляў, не ведаеш, што цябе ў інтэрнэт выкінулі і гісторыя гэтая да намесніка міністра дайшла? Так яны мне тады патлумачылі».

Паводле мужчыны, у пастарунку ён вельмі здзівіўся абыходжанню міліцыі.

«Прыехалі ў РАУС, я ж да раёна аднесены. І там мне не тыкалі, не пагражалі, усё на «вы». Прывялі да начальніка, далі пачытаць матэрыял. Я кажу — слова ў слова ўсё напісана. Ну і пагаварылі мы з ім нармальна так, па-чалавечы. З павагай да мяне там паставіліся, не крычалі, нічога. Во, кажуць, інтэрнэтаўская славутасць! І яшчэ, галоўнае, пытаюцца: «А ці можна ў вас адбіткі пальцаў узяць?» Прыкінь! Ці можна! Нібыта ў мяне нейкі выбар быў! Ну і потым мне прапанавалі ў інтэрнат перасяліцца, бо ў зямлянцы, маўляў, жыць – не справа. Работу абяцалі знайсці», – прыгадаў Сяргей і дадаў, што яшчэ і далі «на дарогу» 50 тысяч.

Але, паводле мужчыны, да прапановаў ён паставіўся скептычна.

«Я ўладкавацца не супраць, але куды? Навошта бамжа ўладкоўваць, калі тут кваліфікаваным людзям на нармальны заробак няма дзе прыткнуцца? Мне сумленне не дазволіла такімі прапановамі карыстацца», — сказаў Сяргей.

Далей, маўляў, паўстала пытанне з яго перасяленнем. У якасці эксперыменту мужчына пагадзіўся пераночыць у «начлежцы» пры пратэстанцкай супольнасці.

«Мяне туды намеснік начальніка па крымінальным вышуку прывёз, папярэдзіў: на чалавека не наязджайце — ён атэіст. Але, па шчырасці, мне ў СІЗА ў першую ноч не было так цяжка, як там. Спачатку я сказаў, што мне заўтра а 5-й раніцы падымацца, дык не — мне паўтары гадзіны нейкі там… мазгі паласкаў, пра бога на гітары брынькаючы. А ў кубрык заходзіш… Там ужо не пра бога размова, зусім не пра бога, там пачынаецца натуральная зона. «Ты маю пайку спі…діў, бо новы, вось тут яна ляжала». Такая размова, разумееш? Як быццам у камеру заходзіш. Не верыш? Схадзі, паслухай, прыкінься. Я раніцай адтуль збег без аглядкі і не вяртаўся. Думаю, калі што, прычаплю сябе кайданкамі да гэтай бярозы ля зямлянкі, хай з карэннем вырываюць», — распавёў мужчына.

«У інтэрнат таксама не пайшоў, — дадаў Сяргей. — Кажу, прапісвайце. Буду плаціць за яго, але жыць там не буду. Адзін, ды ў сямейным інтэрнаце? Вы так мяне на грэх выракаеце. Не вытрымаю ды з'езджу каму па рыле. Я ж ведаю, чаго там толькі не бывае. Да халасцяка заўсёды ў сямейным інтэрнаце пытанні. Я ўжо аднойчы пажыў, не хачу».

Таксама мужчына распавёў яшчэ адну «кватэрную» гісторыю, якая стала амаль што любоўнай драмай.

«Пазнаёміўся з жанчынай, нармальная такая, Марына зваць. Яна ведала, як я жыву, чым зарабляю. І маці яе ведала. Мы не жылі разам, так, сустракаліся. Новы год вось у маёй зямлянцы адзначалі, рамантыка! Я віно сухое піў, а яна не ўжывае. І тут яе маці звоніць, кажа: «Дзе вы там? Я цэлы стол нагатавала». Але мы так і не пайшлі, засталіся ў мяне», — усміхнуўся Сяргей.

Разышліся ж яны, паводле мужчыны, калі паўстала пытанне пра сумеснае жыццё.

«У яе ж кватэра трохпакаёвая ёсць. Ну і 23 лютага яна мне кажа, што мае падарунак. Я думаў, падорыць што, у мяне ж таксама падарунак быў загатаваны на 8 сакавіка: клатч, сумачка на плячо, яна ўсё марыла пра яе. Ну, але Марына гаворыць: «Пераязджай да мяне, хопіць у зямлянцы жыць, я цябе прапішу, дзяцей завядзём. А калі не, дык усё», — расказаў Сяргей гісторыю расставання.

«Але я гэта інакш бачу. Па-першае, ну пераеду я, і што, усё жыццё сядзець ля яе, як сабака на ланцугу? А па-другое, баюся. Баюся, калі што якое, дык выставіць мяне. І потым пачынаць усё спачатку? Лепш я ўжо нічога мяняць не буду. Колькі мне лёсам адмерана, столькі тут і пражыву. І нумар яе я сцёр, і яна мой».

За час ад першай публікацыі ў светапоглядзе Сяргея нічога не змянілася. Ён застаўся тым самым нон-канфармістам.

«Мне падабаецца ў зямлянцы жыць. Зарабляю па-ранейшаму больш, чым на большасці баранавіцкіх заводаў. Толькі не больш, чым на авіярэмонтным. Сёння я адпрацаваў, груба кажучы, з 7 раніцы. 150 тысяч за 3,5 гадзіны на першай халтуры зарабіў, потым яшчэ стольнік, а пасля лому назбіраў мінімум на 250 тысяч. І навошта мне на завод ісці, каб мне ў патыліцу дыхалі, крычалі «давай-давай», калі завод стаіць? Тут вось кажуць, што мы баімся перамен, а рэформы вой як патрэбны. Краіна ж стаіць на каленях, на адным калене дык стопудова. Мінская вобласць мо і жыве неяк, а Брэсцкая… Івацэвічы, Ганцавічы — зусім галеча. А бадзяжніцтва ў мяне ў крыві. Некаторыя кажуць, як ваўком жыву, ваўком і памру».

Таксама мужчына сказаў, што пасля публікацыі людзей да яго стала хадзіць меней, але цяпер ужо — цэлымі сем'ямі!

«Піянеры, як я іх называю, ужо не ходзяць, — сказаў Сяргей. — Ужо цэлымі сем'ямі. Мінулы раз месяцы з паўтара таму былі дзве сям’і. Я выйшаў, не тлумачыў нічога. Сядзеў, як крот: глядзіце, што вам тут цікава. А потым пачалі лапаць кацянят, кошка давай бзыкаць, поўсць уздыбілася. Я ўжо кажу, каб адпусцілі кацянят, бо калі падрапае котка вашых дзяцей, то я не вінаваты. Адна там мамаша адразу так выказалася пра гэтых кацянят, я ўжо не паўтару, брыдка. Ну і давай мяне здымаць на мабільны. Я кажу: прыбяры камеру. А мне: а што, нельга? Я кажу, што нельга. Ну і неўзабаве пайшлі яны».

Баранавіцкі нон-канфарміст на халтуры. 

Баранавіцкі нон-канфарміст на халтуры. 

А напрыканцы размовы Сяргей звярнуўся да моладзі.

«Нават у наш век прагрэсу не ўсе могуць быць праграмістамі. Трэба азірнуцца: кіроўца — гэта таксама добрая работа. І токар нічога, і гэтак далей. Я пра тое, што не трэба бегчы за модай, а трэба азірнуцца і паглядзець, да чаго прагне сэрца. Перад тым, як ісці за дыпломам юрыста, трэба падумаць, ці ты зможаш, ці ты для гэтага створаны. Бо колькі я ўжо ведаю такіх спецыялістаў, якія дахі цяпер кладуць і наракаюць, што столькі гадоў на адукацыю страцілі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?