12.07.2016 / 23:36

Чаму варта прачытаць кнігу Лаўрэша «Паўстанчы дух» 3

Піша кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк.

Кожны народ мае ў сваёй гісторыі падзеі, якімі ён ганарыцца. На гэтых эпізодах мінулага выхоўваюцца новыя пакаленні. Яны ўключаны ў кантэкст дзяржаўнай ідэалогіі, на іх прыкладах фарміруецца гістарычная памяць народа. Няма сумневу, што падобнымі вызначальнымі момантамі айчыннай гісторыі ХІХ ст. былі нацыянальна-вызваленчыя паўстанні і, у першую чаргу, паўстанне 1863 года.

У апошнія два дзесяцігоддзі незалежнай гісторыі Беларусі тэматыка падзей 1812, 1831 і 1863 гадоў узбагацілася новымі даследаваннямі. За гэты час зробленыя спробы іх новай ацэнкі і інтэрпрэтацыі, створана некалькі абагульняючых прац, выдадзены шэраг зборнікаў па выніках тэматычных канферэнцый. Аднак нягледзячы на ўвесь паступовы рух наперад, у вывучэнні гэтых эпізодаў нашай гісторыі па-ранейшаму застаецца шмат белых плямаў.

Распрацоўка рэгіянальнай гісторыі — адзін са спосабаў вырашэння пытанняў, што паўстаюць на шляху вывучэння гэтых падзей. Падобны падыход дазваляе нібы праз павелічальнае шкло пабачыць тое, чаго звычайна не відаць у акадэмічных выданнях і працах прафесійных гісторыкаў. Як вядома, разабрацца з праблемай і ўбачыць яе спецыфіку на месцы бывае прасцей, чым з далёкіх кабінетаў.

У кнізе Леаніда Лаўрэша «Паўстанчы дух» прадстаўлены нарысы з гісторыі Лідчыны і яе жыхароў у барацьбе за незалежнасць свайго краю супраць расейскага панавання ў 1812 годзе і падчас паўстанняў 1831 і 1863 гадоў.

У выданні добра паказаныя лідчане — удзельнікі тых падзей. На жаль, некаторыя з іх сёння несправядліва забытыя, таму іх прысутнасць на старонках вельмі важная.

У сваім бачанні таго, што адбывалася на Лідчыне ў тыя часы, аўтар далёкі ад аднабокага бачання падзей. Прысутнічае погляд як расейскіх афіцэраў і цывільных чыноўнікаў царскай адміністрацыі, так і прадстаўнікоў супрацьлеглага лагеру, мясцовых жыхароў.

Асабліва каштоўныя ўспаміны, у якіх апісваецца абстаноўка, што панавала ў Лідзе напярэдадні выбуху паўстання 1863 года. У іх адлюстраваны не столькі палітычныя, колькі будзённыя адметнасці тагачаснага жыцця горада і рэгіёна.

Дадзенае выданне адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Лідчыны і мінулым нашай краіны. 

Кнігу можна набыць у «Акадэмкнізе».

0
мінак / Адказаць
13.07.2016 / 09:39
цікава
0
mikola ramanau / Адказаць
13.07.2016 / 10:00
Geta byla dauno...I knizak zaraz-mala hto czytae.......Nima czasu.....
0
Беларус / Адказаць
13.07.2016 / 15:06
Ну чаму ж, кніга застаецца на заўждыі не сёння, дык праз 100 годаў сваю справу зробіць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру