У электрадэпо Мінскага метрапалітэна пройдзе выязное судовае пасяджэнне. Судзіць будуць жыхарку Жодзіна, якая ў маі адмовілася ад надгляду торбы ў вестыбюлі і ўдарыла інспектара аховы сталічнай падземкі.
Фота Яўгена Ерчака, Tut.by
Інцыдэнт адбыўся 17 мая ў вестыбюлі станцыі метро «Уручча». Інспектар аховы службы бяспекі падземкі спыніў пасажырку і папрасіў даць ручную паклажу на дагляд.
«У жанчыны ў руках была велізарная торба. Яна адмовілася прайсці ў пакой для надгляду, але ўсё роўна нахабна паспрабавала трапіць у метро. Потым ўдарыла інспектара па твары і некалькі разоў — па руках», — распавядаюць у судзе Першамайскага раёна.
Грамадзянку затрымалі, супраць яе распачалі крымінальную справу — за ўжыванне гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая ахоўвала грамадскі парадак. Цяпер жыхарка Жодзіна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Вядома, што яна нарадзілася ў 1965 годзе і з'яўляецца рамесніцай.
Судовае пасяджэнне па гэтай справе вырашылі зрабіць выязным, яно адбудзецца 21 ліпеня ў 9.30 у вялікай актавай зале электрадэпо Мінскага метрапалітэна (Мінск, Фабрыцыуса, 24). Як адзначаюць у судзе, паседжанне «можа быць павучальным».
У сталічнай падземцы аб'явы з прычыны надгляду сёння нярэдка гучаць па гучнай сувязі. Пасажырам паведамляюць, што іх ручную паклажу могуць праверыць. Тым, хто адмаўляецца ад гэтага, маюць права адмовіць у перавозцы.