Сёньня раніцай дачцэ Янкі Брыля Галіне патэлефанавалі з упраўленьня культуры Менгарвыканкаму і паведамілі, што заўтра на доме №78 па праспэкце Машэрава будзе ўстаноўлена мэмарыяльная дошка. (У гэтым доме клясык нашай літаратуры жыў апошнія дванаццаць гадоў перад сьмерцю. Цяпер у двухпакаёвай кватэры Янкі Брыля жывуць абедзьве дочкі пісьменьніка.)

На роспыты Галіны Брыль, а якой гадзіне адбудзецца адкрыцьцё дошкі, хто будзе ўдзельнічаць у гэтай цырымоніі, ёй паведамілі, што саму дошку прымацуюць да сьцяны да 12 гадзін, а яе ўрачыстае адкрыцьцё адбудзецца ў 12.30. Адкрываць жа дошку будуць «людзі з Саюзу пісьменьнікаў». У адказ на пытаньне спн.Галіны, зь якога пісьменьніцкага саюзу будуць тыя людзі, ёй назвалі прозьвішчы Мікалая Чаргінца, Уладзімера Гніламёдава і Аляксандра Жука (ня блытаць з празаікам Алесем Жуком).

Галіна Брыль заявіла прадстаўніцы ўпраўленьня культуры, што яна на цырымонію адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі ня прыйдзе. Другая дачка Янкі Брыля — Натальля Семашкевіч — цяпер знаходзіцца на лецішчы свайго бацькі ў пасёлку Крынічнае Карэліцкага раёну і таксама ня мае намеру удзельнічаць у адкрыцьці мэмарыяльнай дошкі. Сын пісьменьніка, кандыдат фізыка‑матэматычных навук Андрэй Брыль, займаецца цяпер дасьледаваньнямі ў Японіі і мае намер прыехаць на радзіму 30 траўня.

Літаратурны крытык Анатоль Сідарэвіч, які 41 год ведаў Янку Брыля асабіста, так тлумачыць факт адмовы дачок Янкі Брыля ўдзельнічаць у адкрыцьці мэмарыяльнай дошкі:

«Брыль да канца дзён належаў да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і не ўваходзіў у «правільны» Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Па‑другое, Мікалай Чаргінец удзелам у цырымоніі адкрыцьця дошкі яўна прымазваецца да імя нашага клясыка. Трэба памятаць, што менавіта ад Чаргінца ў многім залежала, ці будуць пахаваныя жонка Янкі Брыля і сам пісьменьнік у Менску. Улады не дазволілі пахаваць спадарыню Ніну Брыль на Кальварыі, як таго прасіў яе муж. Ніна Міхайлаўна была пахаваная ў Калодзішчах. Там — побач зь ёю — знайшоў вечны спачын і наш клясык. Так улада, і ў тым ліку Чаргінец, абразілі выдатнага дзеяча беларускай культуры, вэтэрана другой усясьветнай вайны (а Брыль ваяваў з 1 верасьня 1939 году) і ўдзельніка партызанскага параду 1944 году ў Менску. Абражана была і ўся сям’я Брылёў. Вядома, добра, што ўлада адчыняе дошку, але ўзначаліць гэтую цырымонію яна даручыла не таму чалавеку. І гэтым, зноў‑такі, абражае памяць Янкі Брыля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0