Гурты «Джамбімбум» і Triver Letu выступілі ў менскім клюбе «Катакомбы» 24 траўня.


Джамбібум
На закрыцьцё сэзону, у Катакомбах выступілі такія розныя Джамбімбум — па‑беларуску ў акустыцы, і Triver Letu — па‑руску пад электрычнасьць.

Для этна‑фолькавага «Джамбімбуму» канцэрт быў разагрэвам перад прэзэнтацыяй новага альбому «Жавароначкі» ў КЗ Мінск 5 чэрвеня.

Канцэрт адбываўся ў даждлівы вечар. Перад выступам, «Джамбімбум» сушыў свае экзатычныя бубны звычайным фенам, а ў калёнках гучала «Riders on the Storm» — песьня 70‑х з шумам дажджу.

«Джамбімбум» выступаў у скарочаным складзе — некалькі ўдзельнікаў гурта зьехалі на ўкраінскае файершоў. «Вас мала, і нас мала», — зьвярнулася вакалістка да сваёй публікі.


Triver Letu
Triver Letu выконваў суворы гарадскі рэгей у Катакомбах не ўпершыню. Выканаўца Вова падзякваў клюбу са сцэны «за тое, што прытулілі нас у гэтым годзе».

Між іншым, гурт выканаў песьню «Рэгі на Савецкай Беларусі»:

«Я граю рэгі на Савецкай Беларусі,
Я палю ўсё, чаго хоча сьвядомасьць…»

Сярод публікі былі рокеры, польскія турысты, журналісты, растаманы й адзін чалавек са значкам «За Свабоду!» Жадаючыя паскакаць пад Triver Letu ледзь зьмясьціліся на маленькім танцполе.

Па завяршэньні канцэрту, бар заставаўся поўны гасьцей. Зьявіліся нават новыя наведвальнікі — на рэдкасьць добразычлівы спэцназавец.

Новы сэзон распачнецца ў Катакомбах восеньню.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?