У гэтым годзе я скончыў бакаляўрыят Эўрапейскага гуманітарнга унівэрсытэту. Так атрымалася, што, нягледзячы на тое, што я выканаў ўсе патрабаваньні, усталяваныя ЭГУ і законамі Літвы, я быў блізка да таго, каб у выніку застацца зь нядзейным дыплёмам.

Рэч у тым, што апошнія два гады на абранай пазыцыі прэзыдэнта Студэнцкага прадстаўніцтва і сябра Кіроўнай Рады я досыць крытычна ставіўся да дзеяньняў вышэйшага кіраўніцтва, і ў прыватнасьці да (ўжо былога) рэктара Гары Дэвіда Поліка (Garry David Pollick). Ня буду зноў нагадваць пра той рэзананс, зьвязаны з выбарамі рэктара, а таксама неадназначныя гісторыі, якія былі зьвязаныя зь людзьмі, што кіруюць унівэрсытэтам.

Дэкрэты Міністэрства Праўды

Безумоўна, я не мог заставацца ляяльным да таго роду дзеяньняў. Хаця гэта было не заўсёды проста. Асабліва ўлічваючы сталы ціск, які аказваўся на нашае Студэнцкае прадстаўніцтва. Нам ня толькі «ставілі палкі ў колы», да прыкладу, адмаўляючы ў аўтаномным фінансаваньні, але й паддалі шэрагу публічных і кулуарных нагавораў, пагрозаў, абразаў, спробаў дыскрэдытацыі і правакацыяў у мой асабісты адрас, а таксама адрас асацыяцыі, якую мяне абралі ўзначальваць. Гэта сыходзіла як ад супрацоўнікаў унівэрсытэту, гэтак і ад чальцоў вышэйшага кіраўніцтва. Пачынаючы ад прыватных размоваў і скончваючы публічнымі заявамі і пэрформансамі на паседжаньнях акадэмічнага Сэнату, Кіроўнай Рады і ў Міністэрстве Замежных Спраў Літвы.

 Аднак калі ўсё гэта можна яшчэ лічыць, хай і не зусім прыгожым, але сваеасаблівым спосабам барацьбы зь іншадумцамі, то выпадак, які адбыўся перад маім выпускным, зьяўляецца, бадай, беспрэцэдэнтным у літоўскай і эўрапейскай практыках вышэйшай адукацыі.

Дыплёмны «покер», альбо «V.C – значыцца Вэндэта»

Яшчэ зьяўляючыся рэктарам, праф. Полік падпісаў усім выпускнікам дыплёмы. Усім аднолькава. Апрача майго. На маім ён пакінуў надпіс «…V.C» (Vis Compulsiva альбо Vi Coactus), што так ці іначай у перакладзе з лаціны значыць «пад прымусам», рыхтык як у гісторыі з Карнэлем дэ Вітам з раману Аляксандра Дзюма «Чорны туліпан». На дыплём была пастаўленай пячатка, і я мусіў быў яго ўрачыста атрымаць на цэрэмоніі ў пачатку ліпеня.

Што бы гэта азначала? Тое, што ўсе мае 240 крэдытаў з сярэднім балам 9,4 ператварыліся б у сапсаваны дыплём, які ня мае легітымнай моцы і зь якім мяне б наўрад бы прыняў годны ўнівэрсытэт. Неблагі плян, праўда? Адпомсьціў дык адпомсьціў. Доктар філязоўскіх навук.

Што было б далей? Чарговы скандал і суд. Аднак нешта пайшло ня так. Па шчасьлівай выпадковасьці, адказныя за выдачу дыплёму ўбачылі гэты надпіс, а мне трэба было загадзя атрымаць дыплём для падачы ў магістратуру. Адвакаты пацьвердзілі нелегітымнасьць гэткага дыплёму і неправамоцнасьць падобнага роду дзеяньняў з боку рэктара, якія прывядуць да пройгрышнай судовай справы. Адэкватныя супрацоўнікі ЭГУ, якія разумелі, чым пагражае для будучыні ўнівэрсытэту выдача такога дыплёму, праінфармавалі пра гэтае праф. Поліка, аднак былы рэктар быў непахісны і адмовіўся падпісваць нармальны дыплём.

На наступны дзень мне выдалі другі дыплём зь візай «/Рэктар Д.Полік» і подпісам Кіраўніка па акадэмічнай частцы А. М. Калбаскі. Літоўскія архіварыюсы пацьвердзілі, што такі дыплём мае такую ж самую легітымную моц, як і першы. То бок ніякую. У выніку ў мяне два сапсаваных дыплёмы і пратэрмінаваны дэдляйн для падачы заявы. На наступны дзень гэтае пытаньне было ўзьнята на паседжаньні Кіроўнай рады, падчас якога праф. Полік дэманстратыўна ўстаў і стрымгалоў сышоў. У рэктара Поліка, што беззаганна трымаўся раней на публіцы, магчыма, здалі нэрвы.

Кіроўная Рада паабяцала, што я атрымаю дзейны дыплём, а таксама напісала афіцыйны запыт праф. Поліку, у якім адзначыла, што яна (КР) шакаваная такім дзеяньнем рэктара, якое парушае студэнцкія правы, і патрабуе пісьмовага тлумачэньня і выбачэньняў у мой адрас. Надоечы мы атрымалі ягоны разгорнуты адказ, у якім выбачацца праф. Полік адмовіўся, палічыўшы, што мае права на маральную ўладу над студэнтамі. Вось фрагмент зь ягонага адказу:

«It was a matter of personal conscience that I was not able to professionally and personally lend my signature in this singular case without there being a significant ethical compromise of conscience on my part» 

У выніку я атрымаў легітымны дыплём, чацьверты па ліку (трэці быў зь перавернутай пячаткаю). Пры жаданьні, я ўсё яшчэ магу падаць у суд на праф. Поліка па дадзеным інцыдэнце і нанесенай маральнай і рэпутацыйнай шкодзе. 

Сысьці па-ангельску і наш very last chance

Думаю, каментары тут непатрэбны. Кожны прымае паразу па-свойму. Праф. Полік, безумоўна, не чакаў такога супраціву з боку студэнтаў, выкладнікаў, выпускнікоў і беларускай грамадзянскай супольнасьці. Не чакаў, што будзе падвергнуты публічнай крытыцы і што абяцаньні атрымоўваць вялікія грошы на працягу доўгага пэрыяду часу, не апынуцца доўгатэрміновымі. І мусіў быў зысьці, не прапрацаваўшы і палутара гадоў з прапісаных у кантракце пяці. Зышоў, не завітаўшы на цэрэмонію ўручэньня дыплёмаў, зышоў бяз разьвітальнага звароту. Зышоў зь няўдалай спробай ляснуць дзьвярыма, упаўшы ў вачах нават тых, хто яго падтрымліваў.

А тых, хто падтрымліваў, больш ня будзе ў кіроўных структурах унівэрсытэту ў сувязі з прынятай пастановай Асамблеі сузаснавальнікаў распусьціць усю Кіроўную Раду дзеля таго, каб сфармаваць якасна новую. І гэта, безумоўна, важная і добрая навіна для ўнівэрсытэта. Гэта ягоны very last chance. 

А зараз давайце падумаем, што ж далей? З аданаго боку, можна падумаць «а ну яго гэты ЭГУ зь ягонымі адвечнымі праблемамі». Але хто ад гэтага выйграе? Ці выйграюць студэнты, якія могуць атрымоўваць тут якасную для нашага рэгіёну адукацыю? Ці выйграюць тузіны таленавітых выкладнікаў і выпускнікоў? Ці выйграе ўрэсьце Беларусь ад таго, што атрымае чарговую паразу? Наўрад ці. 

Ведама, нямала часу ўжо згублена. Многія дзеяньні павінны былі быць выкананыя значна раней. Аднак зараз ЭГУ, пры падтрымцы МЗС Літвы і Швэдзкага агенцтва па міжнародным разьвіцьці (SIDA), якія зараз спрабуюць стабілізаваць сытуацыю (за што ім вялікая падзяка), атрымлівае апошні шанец. Дакладна вядома, што будзе сфармаваная новая Кіроўная Рада, будзе абвешчаны якасна новы пошук рэктара. На мой пагляд, неабходныя рэформы і ўнутры самога ўнівэрсытэту. 

У гэтым, без сумневу, спатрэбіцца салідарнасьць усіх донараў і стэйкхолдэраў унівэрсытэту. Гэта досыць няпростая задача, аднак трэба зноў паспрабаваць паверыць у тое, што гэты ўнівэрсытэт варты чагосьці большага. Што людзі, якія тут працавалі і працуюць, і тыя людзі, што вучыліся, вучацца і будуць вучыцца, вартыя большага і лепшага. Для грамадзкасьці неабходна вывесьці ў авангард нашыя акадэмічныя посьпехі, а не скандалы зьвязаныя з вышэйшым кіраўніцтвам.

Права студэнтаў на ўнівэрсытэт

Бясспрэчна, важную ролю ў гэтым павінны адыграць студэнты. Я спадзяюся, што падчас бягучых пераменаў і надалей яны змогуць адстойваць свае правы і сваё права на ўнівэрсытэт, гэтак жа сама як гараджане маюць права на свой горад. Веру, што яны змогуць быць моцнымі і патрабавальнымі ў дачыненьні да сябе і свайго ўнівэрсытэту. Змогуць сьмела ставіць пад сумнеў свае дзеяньні і дзеяньні іншых. 

Я быў не зьдзіўлены, што мне не дазволілі выступіць на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў. Аднак калі б я меў такую магчымасьць, я бы падзякаваў ня толькі сваім калегам са Студэнцкага прадстаўніцтва (М. Кацупалавай, Г. Філістовіч, С. Саўчук, А. Строцаву, К. Гадзецкай і многім іншым) за тое, што яны таксама ішлі насуперак, ня толькі сваім выкладнікам (С. Харэўскаму, С. Арцюшэўскай, П. Церашковічу, А. Сакаловай, Т. Шчыццовай, Т. Чуліцкай, А. Сьцяпанаву, А. Усманавай), якія далі мне патрэбныя акадэмічныя веды і агульную падтрымку, але я бы таксама падзякаваў і праф. Поліку. За тое, што, няхай і несьвядома, навучыў мяне, нягледзячы на складанасьці і не паддаючыся на правакацыі, прытрымлівацца прынцыпаў справядлівасьці і шчырасьці, умець адстайваць іх нават супраць таго, хто мае большую моц і ўладу. 

І напрыканцы я бы таксама дадаў некалькі лацінскіх словаў, узятых з нашага трыдыцыйнага студэнцкага гімну «Гаўдэамус» - «CRESCAT UNA VERITAS» (Няхай квітнее толькі праўда).

Кучынскі Дзяніс, прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, былы сябра Кіроўнай Рады ЭГУ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0