Гэта рашэньне вынес Вярхоўны суд Этыёпіі. Але экс‑дыктатар цяпер знаходзіцца ў Зімбабвэ, адкуль яго не зьбіраюцца выдаваць.

Былы сябра Савецкага Саюзу па мянушцы «Чырвоны негус» жыве ў Зімбабвэ з 1991 г. Выдаваць этыёпскаму правасудзьдзю Мэнгісту Хайле Марыяма ніхто не зьбіраецца. Паводле загаду прэзыдэнта Робэрта Мугабэ яму дадзена прэзыдэнцкая віла ды шматлікая ахова.

Суд цягнуўся 13 год, і летась суд асудзіў Мэнгісту Хайле Марыяма на пажыцьцёвае зьняволеньне, але пракурор абскардзіў рашэньне, і цяпер суд прыгаварыў Мэнгісту — як і 18 яго паплечнікаў — на сьмерць.

Мэнгісту Хайле Марыяма прызналі вінаватым у катаваньнях, зьдзеках, забойствах палітычных зьняволеных, генацыдзе, ваенных злачынствах. Гэтыя абвінавачаньні адносяцца да 1977‑1978 гг.

Мэнгісту прыйшоў да ўлады ў 1974 г. разам з ваеннай хунтай. Яго кар’ерны ўзьлёт пачаўся з забойства імпэратара Хайле Селасіё, паводле некаторых зьвестак, Мэнгісту зрабіў гэта ўласнаручна.

За некалькі год Мэнгісту зьнішчыў усіх супернікаў і пачаў будаваць у Этыёпіі сацыялізм.

З дапамогай савецкай ваеншчыны ён разьвязаў вайну з Самалі, а ўнутры яго ўласнай краіны пачаў масавыя рэпрэсіі. Больш за 100 тыс. чалавек былі забітыя, 2,5 тыс. памерлі ад катаваньняў. Сам Мэнгісту асабіста паставіў подпіс пад загадамі пра расстрэл двух тысяч чалавек.

Сотні тысяч этыёпаў загінулі падчас голаду ў сярэдзіне 1980‑х. З распадам СССР падтрымка Этыёпіі спынілася, а Мэнгісту Хайле Марыяма зьмясьцілі. Ён зьехаў у Зімбабвэ, дзе атрымаў палітычны прытулак. І ня будзе выдадзены да таго часу, покуль там ва ўладзе знаходзіцца ягоны сябрук і аднадумец Робэрт Мугабэ.

Сам Мэнгісту сваю віну не прызнае, а вялікую колькасьць загінулых тлумачыць як «праяўленьне клясавай барацьбы».

Эхо Москвы