Уначы16 ліпеня было атрымана паведамленне, што выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі каноэ (ICF) адхіляе мужчынскую каманду Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, уключаючы трэнераў, медыцынскі і сэрвіс-персанал, ад міжнародных спаборніцтваў тэрмінам на адзін год.

У сувязі з гэтым НАК і Мінспорту заяўляюць, што рашэнне выканкама ICF, прынятае з прычыны паліцэйскага ператрусу ў беларускай каманде ў ходзе трэніровачнага збору ў Тампль-сюр-Ло (12 красавіка 2016 года), абсалютна «нічым не абгрунтавана і вынесена на падставе надуманага».

«Ніводнаму з членаў нацыянальнай каманды да гэтага часу не прад'яўлена ніякіх абвінавачванняў, пасяджэнняў суда не было, віна спартоўцаў і трэнераў не высветленая, прынцып прэзумпцыі невінаватасці груба парушаны», - падкрэсліваецца ў заяве.

НАК і Мінспорту лічаць, што члены выканкама ICF «відавочна свядома зацягвалі вынясенне гэтага рашэння, ведаючы, што тэрмін афіцыйнай заяўкі для ўдзелу ў Алімпіядзе-2016 мінае 18 ліпеня, часу на абскарджанне і абарону законных інтарэсаў спартсменаў не будзе».

Беларускі бок «падрыхтаваў афіцыйны зварот у спартыўны арбітражны суд у Лазане, які з улікам працоўнага графіка дадзенай інстанцыі будзе перададзены туды толькі раніцай 18 ліпеня». Ужо сфарміраваны адпаведны пакет, куды ўключаны ўсе неабходныя дакументы, у тым ліку персанальна ад спартсменаў.

«Метады, якія выкарыстоўваюцца напярэдадні Алімпіяды па ліквідацыі вядучых спартсменаў ад барацьбы за ўзнагароды, выклікаюць здзіўленне. За імі праглядаецца невыкананне прынцыпаў сумленнай барацьбы, лабіраванне асабістых інтарэсаў і карупцыйны падыход», - перакананыя ў беларускіх спартыўных ведамствах.

Зараз НАК праводзіць перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам і членамі Міжнароднага алімпійскага камітэта.

«Беларускі бок заяўляе, што пакідае за забой права на самыя рашучыя дзеянні ў сувязі з запланаваным у ліпені гэтага года ў Мінску чэмпіянатам свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў (да 18) і моладзі (да 23 гадоў)», - падкрэсліваецца ў заяве.

18 ліпеня ў НАК пройдзе прэс-канферэнцыя на гэтую тэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?