У ноч на нядзелю, 17 ліпеня, група ўзброеных людзей напала на будынак паліцыі і ўнутраных войскаў у раёне Эрэбуні горада Ерэвана, піша Arminfo. У выніку перастрэлкі ёсць забітыя і параненыя, па непацверджаных дадзеных, у часе ўзброенага нападу, тыя, хто нападаў, узялі ў закладнікі афіцэра паліцыі Арменіі, удакладняе агенцтва.

Напад ажыццявілі ўзброеныя прыхільнікі кіраўніка руху «Новая Арменія» Жырайра Сефіляна, якога ўлады абвінавацілі ў незаконным набыцці і захоўванні зброі. Паводле інфармацыі News.am, напад здзейснены на полк патрульна-вартавой службы паліцыі Арменіі. Тыя, хто знаходзіўся на тэрыторыі палка, узятыя ў закладнікі. Агенцтва спасылаецца на інфармацыю прэс-цэнтра Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі, які паведаміў, што адначасова з нападам былі зроблены спробы «з дапамогай сацыяльных сетак распаўсюдзіць дэзінфармацыю аб пачатку паўстання і захопе будынкаў».

Інтэрфакс паведамляе, што падчас захопу адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі атрымалі раненні. Захопнікі патрабуюць вызваліць з-пад арышту каардынатара армянскай апазіцыйнай грамадзянскай ініцыятывы «Устаноўчы парламент» Жырайра Сефіляна. Са спасылкай на мясцовыя СМІ агенцтва таксама паведаміла, што ў закладніках утрымліваецца намеснік начальніка паліцыі Ерэвана Валерый Асіпян.

Да будынка сцягнутыя войскі, на месца прыбыў прыбыў начальнік паліцыі Арменіі Уладзімір Гаспаран.

Сефілян быў затрыманы 20 чэрвеня. Следства лічыць, што ён у складзе групы планаваў узброены захоп будынкаў, пабудоў, сродкаў тэлекамунікацый пасля красавіцкага абвастрэння ў зоне карабахскага канфлікту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?