Наступіла сярэдзіна лета, а значыць у разгары сезон свежай садавіны і гародніны. FINANCE.TUT.BY прайшоў па сталічным Камароўскім рынку і паглядзеў, колькі каштуюць цяпер розныя прадукты.

Пакупнікоў на «Камароўцы» шмат нават у сярэдзіне працоўнага дня. Таўкатня, пахі, зазыванні прадаўцоў …

- Гэй, хлопец, вазьмі кавун. Ён салодкі як першае каханне, - звяртаецца да мяне гандляр з паўднёвай знешнасцю. - На самай справе добрыя кавуны - з Сярэдняй Азіі.

За кілаграм «першага кахання» мне прапанавалі заплаціць 1,3 рубля. Аналагічныя цэны на яго былі па ўсім рынку.

Аднак кавуноў пакуль што мала — больш за ўсё прадаюць чарніцаў і чорнай парэчкі. Дзіўна, але цана на ягады амаль не адрозніваецца. Максімальная розніца — 50 капеек. Парэчку прадаюць у асноўным па 2,5 рубля за кілаграм, а чарніцы - па 3 рублі. Але растлумачыць сваё цэнаўтварэнне прадаўцы не змаглі: абмяжоўваліся толькі ўсхваленнем тавару.

У 6-7 разоў даражэй за чарніцы прадаюць іншы ласунак — буякі. Самая нізкая цана — 10 рублёў за кілаграм дробных-дробных, як падпісана на цэнніку «лясных», буякоў. Буйная наліўная ягадка будзе каштаваць 13 рублёў, але можна знайсці і за 12.

— Вы глядзелі ў іншых цэны? — нясмела пытае жанчына за мной у чарзе. — А то я толькі прыйшла і нават не ведаю, ці дорага гэта — 12 рублёў?

Даведаўшыся, што ў некаторых месцах прапануюць за 16, пакупніца са спакойным сумленнем чакала сваёй чаргі.

Але карыстаецца папулярнасцю ў людзей не толькі садавіна. Напрыклад, кіло маладой бульбы ўжо можна купіць менш, чым за 50 капеек. Ёсць і даражэйшая - да рубля. Усё залежыць ад памеру і гатунку «другога хлеба».

І хоць гандаль ішоў бойка, чамусьці многія прадаўцы яшчэ да куплі папярэджвалі, што ёсць праблемы з дробяззю і прасілі даваць ім аплату без рэшты. Мабыць, у гандляроў гаспадары забіраюць выручку «старымі» грашыма, каб здаць у банк, а новых купюр, нягледзячы на заявы Нацбанка, яшчэ не так шмат.

Добра прадаюцца таксама агуркі і памідоры. Першыя можна знайсці за 70 капеек, другія - на рубель даражэй. Цэны на моркву пачынаюцца ад 1,2 рубля.

Асноўныя цэны на гародніну і садавіну можна ўбачыць у табліцы.

Тавар Цана, рублёў за кг
Садавіна і ягады
Чарніцы 2,6 — 3
Буякі 10 — 16
Чарэшні 4,5 — 5,5
Вішні 3,2 — 3,5
Кавун 1,3
дыня 2,5 — 3,5
Абрыкосы 2,7 — 5,5
Парэчкі, чорныя 2,5
Гародніна
Агуркі 0,69 — 1,2
Памідоры 1,7 — 3,5
Капуста, свежая белакачанная 0,79 — 1,49
Морква 1,2 — 2,5
Бульба 0,49 — 1
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?