Эрдаган пасля прылёту ў Стамбул у ноч перавароту, Reuters.com
Пасольства Турцыі вядзе працу над арганізацыяй візіту ў Мінску прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, паведамілі ў турэцкай дыпмісіі.
Запрашэнне наведаць Беларусь Эрдаган атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі ў красавіку гэтага года падчас сустрэчы ў Стамбуле ў рамках саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Турцыі заявіў пра гатоўнасць прыехаць у Беларусь.
Афіцыйна візіт Эрдагана не анансаваўся, аднак сайт Беларускай гандлёва-прамысловай палаты паведамляе пра беларуска-турэцкі бізнэс-форум, які адбудзецца 29 ліпеня «ў рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Р. Т. Эрдагана».
«Візіт плануецца. Ніякіх даручэнняў з нагоды яго адмены ў нас не было. Пасольства са свайго боку вядзе працу над арганізацыяй візіту і непасрэдна бізнес-форуму», — заявіла супрацоўніца амбасады Турцыі.
Чакаецца, што Эрдаган і Лукашэнка прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця ў Мінску Саборнай мячэці, якая запланавана на 29 ліпеня — пра гэта паведаміў кіраўнік мусульманскай абшчыны імам Зарыф Зулудзі.