Вядома, што падчас збораў у Францыі ў красавіку ў трэнера жаночай каманды Генадзя Галіцкага былі 16 таблетак «Мілдаранату». Прэпарат нібыта прымаў сам трэнер з-за праблем з сэрцам. Пры гэтым у спецыяліста быў адпаведны рэцэпт ад беларускага ўрача.

«Але ў беларускіх аптэках такі прэпарат прадаецца без рэцэпта. Ці можаце патлумачыць сітуацыю?» — з такім пытаннем Еўрарадыё звяртаецца да спартыўных функцыянераў падчас прэс-канферэнцыі 19 ліпеня.

На гэта Генадзь Загародны, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту, кажа, што пры ўвозе такога прэпарату ў Еўрасаюз рэцэпт неабходны.

«Таму ён быў у трэнера і быў прад’яўлены ў суправаджальных дакументах. Меўся і запіс урача ў медкарце. Чалавек увёз дадзены прэпарат у Еўрасаюз цалкам афіцыйна», — сцвярджае Загародны.

У гутарку ўключаецца першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў і дзеліцца ўласным досведам.

«Нядаўна я сам праходзіў медабследаванне. Мне прапанавалі: «Вам бы для сардэчка папіць(«Мілдранат», — Еўрарадыё). Ён у аптэках прадаецца без рэцэпта, але можам рэцэпт выпісаць». Я пытаюся: «Навошта?» Патлумачылі, што рэцэпт неабходны падчас паездак за мяжу. Я ў выніку адказаў: «Ведаеце, у сувязі са скандалам, мне не патрэбны ні сам прэпарат, ні рэцэпт на яго». Напэўна, у свой час трэнер павінен быў паступіць такім жа самым чынам», — разважае Рыжанкоў.

Аляксандр Багдановіч і Уладзімір Шантаровіч. Легендарныя канаіст і трэнер.

Усю гэтую гутарку не можа слухаць спакойна Уладзімір Шантаровіч, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Ён падкрэслівае, што прафесійныя спартсмены, калі гэта было дазволена, прымалі «Мілдранат» унутрывенна ў якасці ўзнаўляльніка. Сэнсу ад прыняцця таблетак няма. Галоўны трэнер тлумачыць, што ні мытныя органы Францыі, ні Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) не маюць да яго каманды ніякіх прэтэнзій.

«Таму гэтая сітуацыя — злачынства, сфабрыкаванае пяццю сябрамі Міжнароднай федэрацыі каноэ. Гэтая пяцёрка ўзяла і пусціла пад адхон жыццёвы лёс спартсменаў і трэнераў. Як яны будуць жыць далей? І як далей будзе жыць гэтая пяцёрка? Іх жа за гэта праклянуць!» — не стрымлівае эмоцый Шантаровіч.

Газета Le Mond са спасылкай на «кампетэнтныя крыніцы» паведаміла, што падчас вобшуку ў беларускай зборнай былі знойдзеныя шпрыцы і кропельніцы. Хоць непасрэдна допінгу не знайшлі.

Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі Дзяніс Мужухінтлумачыць Еўрарадыё, што толькі наяўнасць шпрыцаў не з’яўляецца парушэннем антыдопінгавых правілаў. Што тычыцца кропельніц, парушэнне фіксуецца толькі ў пэўных выпадках.

«Калі будзе даказана, што ўнутрывенныя ўліванні складаюць больш за 50 мілілітраў цягам менш як шасці гадзін», — тлумачыць Мужухін.

Аднак пра парушэнні такога кшталту ў заяве з Міжнароднай федэрацыі каноэ нічога не сказана.

У Казахстана чатыры выпадкі спажывання стэроідаў, але на Алімпіяду зборная едзе

Апроч зборнай Беларусі, ад Алімпіяды адхілілі румынскіх канаістаў. Розніца ў тым, заяўляе генеральны сакратар НАКу Анатоль Котаў, што ў зборнай Румыніі 11 пацверджаных выпадкаў парушэнняў антыдопінгавых правілаў. У нас такіх даказаных выпадкаў на гэты момант няма.

У зборнай Казахстана — чатыры выпадкі за спажыванне цяжкіх анабалічных стэроідаў. Але казахстанцы на Алімпіяду едуць.

«Адкуль узялі такую санкцыю, як адхіленне ад спаборніцтваў цэлай каманды!— абураецца Котаў. — Ні ў антыдопінгавых правілах, ні ў статуце міжнароднай федэрацыі няма гаворкі пра магчымасць адхілення каманды. На гэтае пытанне мы атрымалі туманны каментарый, што гэтая мера ўспрымаецца як дадатковае ўздзеянне для барацьбы з допінгам. Таму мы і робім выснову, што ў Міжнароднай федэрацыі першапачаткова не было жадання правесці грунтоўнае расследаванне і разабрацца ў сітуацыі».

Беларускія спартовыя чыноўнікі мелі суткі для таго, каб накіраваць іск у спартыўны арбітраж Лазаны. Яны перакананыя ў перамозе. Праблема ў тым, што на разгляд патрэбны час, якога да Алімпіяды амаль не засталося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?