Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, за студзень—май экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расію склаў 161 тыс. тон. За студзень—красавік на расійскі рынак было адгружана 156,1 тыс. тон. Такім чынам, у маі пастаўкі склалі ўсяго 4,9 тыс. тон.

У грашовым выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расію склаўся за студзень—май на ўзроўні 51,2 млн. долараў і павялічыўся за май усяго на 2,5 млн. долараў.

Нагадаем, у чэрвені расійскі бок абвясціў пра рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь. «Мы зыходзім з таго, што графік паставак нафты на трэці квартал у Беларусь будзе ніжэйшы, чым меркавалася, — заявіў журналістам міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак. — Гэта звязанае з двума фактарамі: неаплатай за пастаўлены газ «Газпрому» і непаступленнем даходаў у бюджэт у сувязі з гэтым, другі фактар — гэта недапастаўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расію».

Варта адзначыць, што раней Беларусь і Расія дамовіліся аб тым, што беларускія заводы паставяць на расійскі рынак мільён тон бензінаў ў 2016 годзе. Аднак у пачатку лютага віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што ў гэтым годзе Беларусі нявыгадна прадаваць бензін Расіі, таму беларускі бок скараціў пастаўкі нафтапрадуктаў на расійскі рынак. «Для нас пастаўляць сёння бензін у Расію — працаваць глыбока ў страту», — сказаў Сямашка.

Рознагалоссі паміж Беларуссю і Расіяй паўсталі не толькі па пытанні умоў паставак нафтапрадуктаў, але і кошту расійскага газу. Беларускі бок заяўляў, што ў сувязі з аслабленнем курсу расійскага рубля кошт газу для Беларусі ў доларавым выражэнні павінен быць зніжаны. Расійскі ўрад не згодны з такой пазіцыяй, але, нягледзячы на гэта, Беларусь стала разлічвацца за газ па ніжэйшай цане ў доларавым выражэнні. У выніку, згодна са звесткамі «Газпрома», блізу канца мая ўтварылася запазычанасць Беларусі за газ ў 250 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?