Большасьцю галасоў Камісія пэтыцый Эўрапейскага парлямэнту прыняла 27 траўня рапарт, які заклікае ўстрымацца ад будаўніцтва Паўночнага газаправоду, калі на яго пабудову не дадуць згоды краіны балтыйскага рэгіёну. Аўтар рапарту — эўрадэпутат з Польшчы Марцін Лібіцкі падкрэсьлівае, што асноўнымі матывамі ягонай працы зьяўляюцца пагрозы для навакольнага асяродзьдзя, а таксама эканамічны аспэкт пабудовы газаправоду на дне Балтыйскага мора.

«Паўночны газаправод уяўляе пагрозу ня толькі для экасыстэмы Балтыйскага мора, але й яго ўзьбярэжжа, — лічаць аўтары рапарту, — у выніку ён можа нанесьці шкоду тэрыяторыям, якія знаходзяцца пад аховай праграмы ЭЗ «Natura 2000».

Зьяўленьне газаправоду можа зьнішчыць 600 асобнікаў марскіх сьвіньняў, якія належаць да ўнікальных прадстаўнікоў экасыстэмы Балтыйскага мора — гаворыцца ў рапарце эўрадэпутата Лібіцкага. Акрамя таго, пабудова газаправоду можа закрануць боепрыпасы з часоў ІІ Сусьветнай вайны, якія знаходзяцца на дне Балтыкі. Усяго ў рапарце згадваецца больш за 10 пагрозаў.

Да рапарту была ўнесеная папраўка, згодна зь якой, дасьледаваць уплыў інвэстыцыі на навакольнае асяродзьдзе зможа фірма, якая ня выкліча сумневу ў ніводнай з краінаў, праз чыю тэрыторыю мае прайсьці ПГ.

Паводле Польскага радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0