Канал «NN VIDEO TV» быў створаны на платформе YouTube 10 студзеня 2008 года. За 9 год канал мае амаль дзве тысячы відэа, агулам амаль 10 мільёнаў праглядаў і трошкі не дацягвае да васьмі тысяч падпісантаў.

Якія ж відэа на YouTube-канале НН самыя папулярныя?

10. Аўтамабільная рэвалюцыя ў Мінску (109 тысяч праглядаў)

Відэа журналістаў НН з першай акцыі «Стоп-бензін», якая праходзіла ў 2011 годзе. Тады кіроўцы, якія пратэставалі супраць павышэння цэн на паліва, перакрылі праспект Незалежнасці.

9. Масквічы пра Лукашэнку (111 тысяч праглядаў)

Журналісты НН спыталі ў жыхароў Масквы, як яны ацэньваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Меркаванні мінакоў падзяліліся.

8. «Народныя гулянні-2» (116 тысяч праглядаў)

Другая акцыя маўклівых пратэстаў у Мінску. Тады супрацоўнікі міліцыі перакрылі Кастрычніцкую плошчу, але гэта не спыніла пратэстоўцаў, і акцыя адбылася на Нямізе. На другой акцыі адбыліся першыя затрыманні.

7. Беларускія і ўкраінскія фанаты на матчы Украіна-Беларусь (118 тысяч праглядаў)

Відэарэпартаж НН з таварыскай гульні зборных па футболу Беларусі і Украіны. Тады фанаты абменьваліся воклічамі «Разам і назаўжды», «Жыве Беларусь», «Слава Украіне» і г.д. У той дзень у Львоў прыбыла больш за тысячу беларусаў.

6. Як з Плошчы рускі дух выганялі (205 тысяч праглядаў)

У 2015 годзе падчас мітынгу супраць фальсіфікацый на Плошчы Незалежнасці невядомы хлопец правакаваў людзей на бойку, начапіўшы на сябе расійскі сцяг. 

5. Што думаюць беларусы пра Пуціна? (215 тысяч праглядаў)

Журналісты НН апыталі мінакоў у Мінску на тэму стаўлення да палітыкі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

4. Цуд на «Славянскім базары»: Ланская заспявала мужчынскім голасам (237 тысяч праглядаў)

Свежае відэа, якое ўскалыхнула беларускі інтэрнэт. На сцэне Летняга амфітэатра беларускія зоркі спявалі песню «Усе кветкі ліпеня». Спявачка Алена Ланская, як і аператар трансляцыі, не ведала, дзе заканчваюцца яе словы, і праз колькі секунд фанаграма выдае працяг песні мужчынскім голасам, а Алена ўсё яшчэ спявае.

3. Дзень «Незалежнасці» (291 тысяча праглядаў)

Відэа з маўклівай акцыі пратэсту, якая праходзіла на чыгуначным вакзале 3 ліпеня 2011 года. Акцыя адзначылася брутальнымі затрыманнямі актывістаў і журналістаў. 

2. Як адзначылі Дзень ВДВ у Мінску на Нямізе (315 тысяч праглядаў)

Відэарэпартаж са святкавання дня ВДВ у Мінску ў 2013 годзе. 

1. Фільм «Беларуская мара». Поўная версія (364 тысячы праглядаў)

Відэа, якое каментуецца інтэрнэт-карыстальнікамі дагэтуль на нашым акаўнце. Вялікі фільм пра Плошчу-2010 і маўклівыя акцыі пратэсту ад журналісткі расійскага Першага канала, беларускі Кацярыны Кібальчыч.

У фільме распавядаецца гісторыя жыцця маладога чалавека з Мінска, які апошнія 18 гадоў жыве ў краіне «апошняга дыктатара Еўропы». У аснову фільма ляглі падзеі 2010–2011 гадоў у Беларусі: прэзідэнцкая кампанія, рэпрэсіі, суды і тое, як гэта адбілася на жыцці самай «стабільнай» постсавецкай рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?