Абавязковай умовай для залічэньня ў будаўнічы атрад студэнта Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту зьяўляецца сяброўства ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі, а таксама падпісны абанэмэнт на газэту «Знамя Юности».

Пра гэта ў інтэрвію віцебскай абласной газэце «Народнае слова» (нумар за 15 траўня) распавёў начальнік штабу працоўных справаў ВДТУ Аляксандар Антоненка. Да сяброўскага пасьведчаньня і падпіснога абанэмэнта са студэнтаў таксама патрабуюць грашовы ўнёсак на прызы для «Бульбянога шоу» — мерапрыемства, на якім уганароўваюцца найлепшыя студэнцкія працоўныя атрады.

За гэта студэнтам прапануюць магчымасьць папрацаваць і няблага зарабіць: абяцаюць заробкі ад 700 тысячаў да 1 мільёна 200 тысячаў рублёў.

У суседнім ВНУ — Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце — да рэкрутацыі ў будатрады падыходзяць больш «дэмакратычна». Першы сакаратар БРСМ ВДУ Юрый Гурскі паведаміў «Народнаму слову», што «падпіска на якія‑кольвек газэты ня мае ніякай ролі». Маецца на ўвазе — для залічэньня ў будатрад.

Паводле Службы маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0