Наведваючы ААТ «Магілёўліфтмаш», Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам тэхнічнага перааснашчэння і вытворчасцю ліфтавага абсталявання па сучасных тэхналогіях, перадае БелТА.
ААТ «Магілёўліфтмаш» — адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое вырабляе шырокую гаму грузавых і пасажырскіх ліфтаў, а таксама пад'ёмнага абсталявання для маламабільных груп насельніцтва. Завод паспяхова развіваецца і не адчувае праблем са збытам прадукцыі. За першае паўгоддзе 2016 года выпушчана 5250 ліфтаў, што на 600 адзінак больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Складскія запасы практычна адсутнічаюць.
ААТ «Магілёўліфтмаш» рэалізуе два інвестыцыйныя праекты, якія дазволяць асвоіць вытворчасць новага мадэльнага шэрагу ліфтаў эканомкласа, бізнес-класа і ліфтаў для вышыннага будаўніцтва, а таксама стварыць вытворчасць эскалатараў. Праекты павінны быць рэалізаваны да 2020 года.