Для чаго мы ходзім на канцэрты? Сябе паказаць, на іншых паглядзець і, вядома, у добрай кампаніі выплюхнуць вонкі эмоцыі: патанчыць, пакрычаць удосталь пад любімыя хіты, паплакаць, пакалыхацца з сябрамі ў такт музыцы, зведаць радасць і ачышчэнне.

news.vitebsk.cc

Я езджу на «Славянскі базар у Віцебску» кожны год і вымушаная прызнаць, атмасфера на гэтым фестывалі ў Летнім амфітэатры неяк стала залішне прыстойнай. Ніколі не змагу прыняць той факт, што шасцітысячная зала павінна сядзець ціха, як на сходзе, не зварухнуўшыся, у той час як па сцэне скача, ледзь прытомнасць не губляе «самотны валацуга любові Казанова» або запрашае да танца дама — Ала Барысаўна.

Мала таго, што большасць артыстаў спяваюць пад фанаграму, дык яшчэ смяяцца і галасіць разам з імі над мінулай славай і маладосцю, гучна пляскаць у далоні і весяліцца перашкаджаюць публіцы брутальныя ахоўнікі. Як ястрабы да кацянят, ляцяць яны каменем да развясёлых жанчынак-глядачак. Тыя ад празмернасці пачуццяў прыўстаць, усміхаюцца і махаюць любімаму Лявонцьеву. Тэмпераментных імгненна садзяць назад у пластмасавыя крэслы і пагражаюць пальчыкам: «Сядзець!»

Паслухайце, такая апека з боку сек'юрыці знішчае рэшткі сэнсу таго, што адбываецца: людзі плацілі за фанаграмны канцэрт не ксеракопіямі грошай, а сапраўднымі рублямі, выстаялі вялізныя чэргі на ўваходзе ў залу. Для чаго? Каб уночы пільна і ціха глядзець на паўсталых з артапедычных пасцеляў нафталінавых спевакоў? Гэта чысты сюр.

Давайце і на футбольных матчах сядзець ціха, не будзем паддавацца эмоцыям ў цырку і тэатры: толькі цішыня, спакой і бесстаронняе назіранне. Уявім, што артыст — гэта сайгак, а глядач — паляўнічы! Хто каго? Спевакі, дарэчы, першымі даюць слабіну і сарамліва хаваюцца ў кулісах пасля адной-дзвюх песень. Напэўна, думаюць, што шматтысячная зала гэтак холадна і варожа сустракае іх з-за «фанеры»…

На адным з начных канцэртаў ўся гэтая важданіна з усаджваннем публікі доўжылася даволі доўга, я ўжо стала раздражняцца і падмярзаць: у амфітэатры (як яго называюць жартаўнікі-віцябляне — «яма») даволі холадна, і Гулькіна ды Казачэнка, якія змянялі адно аднаго, не дабаўлялі алею ў вогнішча маёй абуранай душы. Хацела ўжо сыходзіць, але ў гэты момант не залазячы ў экран вядучы Астудзін выклікаў на сцэну Томаса Андэрса, прыгажуна з «Модэрн Токінг». Багі, што тут пачалося!

Уся зала ажыла, у адзіным парыве, адкінуўшы парасоны і ўмоўнасці, паднялася з месцаў і танчыла пад «Братку Луі», заводзячы адно аднаго, — стрымаць эмоцыі закаханага ў Томаса амфітэатра было немагчыма. На ахоўнікаў шкада глядзець: яны не ведалі, за што хапацца.

Аднаму з іх, збялеламу, я прапанавала прысесці на пару песень, пакуль Андэрс на сцэне, і адпачыць — таксама ж памучыўся з намі. І ён здаўся. Плюхнуўся на лаўку. А зала падпявала барадатаму «ю май хат, ю май соўл», усе разгавеліся, запунсавелі і сагрэліся: вечар наладжваецца. Пасля Андэрса спяваць выйшла зноў нейкая мумія, і народ пацягнуўся да выхаду — лавіць на гэтым канцэрце больш не было чаго…

З фестывалю з'ехалі і многія мае калегі пасля першага ж дня адкрыцця, калі рэпарцёрам абвясцілі, што ўваход у амфітэатр, у кулісы, дзе мы звычайна запісвалі інтэрв'ю з артыстамі, будзе строга забаронены на працягу ўсёй «Славянкі». Мы ўсё жыццё прыязджалі на «Кірмаш» працаваць — інтэрв'юяваць гасцей фестывалю, шукаць эксклюзіўныя навіны і сюжэты для сваіх чытачоў-гледачоў. Сёлета прэсу пасадзілі разам з гледачамі ў першы шэраг трэцяга сектара і загадалі ціха сядзець: ідуць тэлезапісы канцэртаў.

Мілыя мае, калі ў Віцебску з яго пешаходнымі вуліцамі, лялечнымі спектаклямі, «Горадам майстроў» і агульнай атмасферай кірмашу яшчэ можна неяк змірыцца з такімі канцэртнымі праграмамі, то па тэлевізары іх глядзець — рэальна сумна. І свецкія рэпартажы журналістаў хоць неяк адцяняюць шурпатасці фэста. «Дзякуй вам, беларусы, за 12 балаў на «Еўрабачанні»!» — крычыць са сцэны Сяргей Лазараў. І роўна праз 5 хвілін, выходзячы ў кулісы разам са сваім дырэктарам, зусім па-жлобску адшывае прэсу.

Такіх каралёў і каралеў — 90 працэнтаў на «Базары», па рублі штука. Не хачу ўдавацца ў падрабязнасці, колькі расійскім папсавікам плацяць, каб яны ў Віцебск прыязджалі на сцэне пакрыўляцца, але паводзяць сябе многія брыдка і крывадушна. Прычым залатое правіла — чым менш артыст, тым больш у яго пантоў — па-ранейшаму працуе.

Словам, такім засталося агульнае ўражанне. Можа, я капрызнічаю?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?