Стартрэк: За межамі
Жанр: фантастыка, баявік, прыгоды
Рэжысёр: Джасцін Лін
У ролях: Крыс Пайн, Закары Куінта, Сайман Пег, Карл Урбан, Зоі Салдана, Джон Чо, Антон Ельчын, Ідрыс Альба, Сафія Бутэла
ЗША, 120 хв.
Адзнака: 7

Экіпаж зорнага карабля «Энтэрпрайз» на чале з капітанам Джэймсам Кіркам быў атакаваны магутнай і небяспечнай хваляй невядомых прышэльцаў.

Захопнікі пад кіраўніцтвам Крола знішчаюць карабель, пакідаючы каманду без сродкаў да існавання на невядомай планеце, дзе яна (каманда) аказваецца ў канфлікце з новым бязлітасным ворагам.

Але да Кірка, Спока і яго памочнікаў далучаецца нечаканая саюзніца.

Трэці фільм перазапушчанай серыі і трынаццаты поўнаметражны фільм навукова-фантастычнай франшызы «Зорны шлях». Падзеі развіваюцца праз 3 гады пасля пачатку пяцігадовай місіі «Энтэрпрайза».

Адзін з аўтараў сцэнара Раберта Орсі заявіў, што сюжэт фільма адпавядае духу франшызы і разгортваецца ў класічным сусвеце «Зорнага шляху».

«У гэтым фільме поўна ідэй, якія можна прымерыць на наша жыццё і цяперашняе грамадства. Адна з іх — разам мы мацнейшыя. І гэта моцна рэзаніруе з гледачамі», - падзяліўся меркаваннем вядучы акцёр адноўленай франшызы Закары Куінта.

Крыс Пайн і Закары Куінта паўтораць свае ролі ў якасці капітана Джэймса Т. Кірка і камандара Спока.

Брытанскі комік Сайман Пег, выканаўца ролі кіраўніка інжынернай службы Мантгомеры Скота, з'яўляецца таксама адным са сцэнарыстаў праекта. Ролю галоўнага злодзея выканаў уладальнік «Залатога глобуса», брытанец Ідрыс Эльба.

Антон Ельчын (справа)

Антон Ельчын (справа)

Трагічны лёс напаткаў амерыканскага кінаакцёра расійскага паходжання Антона Ельчына да выхада фільма у шырокі пракат. 19 чэрвеня 2016 ён быў знойдзены мертвым каля свайго дома ў Лос-Анджэлесе.

Пакуль не ясна, які лёс чакае яго персанажа Паўла Чэхава. Імаверна, ён пойдзе на павышэнне ці проста скончыць службу, але прадзюсар Джэй Джэй Абрамс не адмаўляе магчымасці таго, што герой будзе забіты.

Гэта першы фільм франшызы «Зорны шлях», які здымалі не ў Галівудзе, а ў Ванкуверы (Канада). У студыі былі з нуля адноўленыя ўсе дэкарацыі, уключаючы ўнутранае ўбранне карабля «Энтэрпрайз».

Трэці фільм аказаўся слабейшым за першыя часткі і выглядае хутчэй як падрыхтоўка да чацвёртай стужкі, дзе сцэнарысты абяцаюць большы драматычны накал. Упершыню за пастаноўку фільма сусвету «Зорнага шляху» узяўся тайванскі рэжысёр Джасцін Лін, які дагэтуль займаўся шматлікімі «Фарсажамі».

У стужцы захаваўся баланс паміж экшн-сцэнамі і дыялогамі, але апошнія выглядаюць натужна і не раскрываюць усю глыбіню ўзаемадзеяння персанажаў, не кажучы ўжо пра сапраўдны драматызм.

Так, адносіны паміж Кіркам і Спокам, на якіх звыкла трымаецца сюжэт, паказаныя мала і блага адпрацаваныя.

Здымкі

Здымкі

Цікава, што ў фільме з'яўляецца нечаканы паклон у бок гік-фэнаў сусвету «Зорнага шляху». Новае выкарыстанне непапулярнай музыкі прыемна здзівіць фанатаў і шaраговых гледачоў.

Навукова-фантастычныя франшызы набліжаюцца да масавага гледача.

Трэцяя частка «Зорнага шляху» — хутчэй забаўляльнае кіно, толькі злёгку абцяжаранае высокімі ідэямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?