23.07.2016 / 10:40

Страляніна ў Мюнхене: падрабязнасці трагедыі, версіі паліцыі, рэакцыя ўладаў 4

У Мюнхене ў выніку страляніны ў адным з гандлёвых цэнтраў загінулі 9 чалавек і нападнік, 21 чалавек атрымаў раненні.

Тут і ніжэй фота: Reuters

Увечары ў пятніцу, 22 ліпеня, у Алімпійскім гандлёвым цэнтры ў Мюнхене была адкрытая страляніна. Паводле дадзеных паліцыі, гэта пачалося каля рэстарана хуткага харчавання, пазней працягнулася ў гандлёвым цэнтры. Інфармацыя аб стральбе ў цэнтры горада, у раёне Штахус не пацвердзілася.

Паліцыя пацвердзіла, што загінулі 9 чалавек, меркаваны злачынец здзейсніў самагубства. 21 чалавек паранены, з іх трое цяжка, піша «Нямецкая хваля».

Паводле дадзеных паліцыі, злачынства здзейсніў адзін чалавек. Меркаваны злачынец — 18-гадовы немец іранскага паходжання, больш за два гады пражываў у Мюнхене. Раней ён не трапляў у поле зроку паліцыі. Неўзабаве пасля пачатку страляніны ў 17.50 гадзін ён быў лёгка паранены паліцыянтамі ў грамадзянскай форме. Пазней яму ўдалося ўцячы. Прыкладна ў 20.30 па мясцовым часе злачынец быў знойдзены мёртвым на адной з вуліц, прылеглых да гандлёвага цэнтра. Паводле дадзеных паліцыі, ён здзейсніў самагубства.

Як паведаміў начальнік паліцэйскага кіравання Мюнхена Хубертус Андрэ на прэс-канферэнцыі ноччу ў суботу, 23 ліпеня, першапачатковыя паведамленні аб трох удзельніках стральбы не пацвердзіліся. Таксама не пацвердзілася інфармацыя, што злачынец выкарыстаў даўгаствольную зброю. Побач з ім быў знойдзены пісталет.

Пра матывы і кантакты злачынца ў паліцыі пакуль няма ніякіх дадзеных, заявіў Хубертус Андрэ.

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Петэр Альтмаер заявіў, што не выключае тэрарыстычнага характару злачынства ў Мюнхене. Следчыя працуюць у тым ліку і ў гэтым кірунку, адзначыў ён. Віцэ-канцлер ФРГ Зігмар Габрыэль заклікаў «не спекуляваць» па слядах нападу ў Мюнхене. Кіраўнік МЗС ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што матывы злачынства ў Мюнхене пакуль застаюцца нявысветленымі. «Доказы дагэтуль супярэчлівыя», — гаворыцца ў заяве міністра.

На суботу, 24 ліпеня, у Берліне прызначанае пасяджэнне ўрада Германіі з удзелам канцлера Ангелы Меркель і ўсіх профільных міністраў. У «кабінет бяспекі» ўваходзяць міністры замежных спраў, абароны, унутраных спраў і кіраўнік ведамства федэральнага канцлера.

З-за злачынства ў Мюнхене кіраўнік МУС ФРГ Томас дэ Мезьер перапыніў візіт у ЗША, куды ён адправіўся ў адпачынак. Неадкладна па прызямленні ў Нью-Ёрку дэ Мезьер распарадзіўся вылецець назад у Германію.

У сувязі са стральбой ў гандлёвым цэнтры ў Мюнхене было абвешчанае асаблівае становішча. З дапамогай адмысловай сістэмы абвесткі Katwarn гараджане атрымалі на смартфоны паведамленне з просьбай не пакідаць свае дамы. Баварыя звярнулася па дапамогу да Федэральнай паліцыі і іншых федэральных земляў.

У горадзе быў цалкам спынены рух гарадскога і прыгараднага грамадскага транспарту, закрыты і ачэплены галоўны чыгуначны вакзал. Паліцыя заклікала аўтамабілістаў пакінуць аўтабаны блізу Мюнхена. У гадзіну ночы па мясцовым часе ў суботу грамадскі транспарт у горадзе аднавіў працу.

Па словах Хубертуса Андрэ, мюнхенская паліцыя, з пункту гледжання бяспекі, не бачыць неабходнасці для адмены масавых мерапрыемстваў, запланаваных у горадзе на выхадныя дні.

0
belariy / Адказаць
23.07.2016 / 10:54
Рэд. Дзякуй.
0
Австрияк / Адказаць
23.07.2016 / 11:08
ну конечно мотивы не известны, слуйчайно мусульманин....
0
Бурбулятар / Адказаць
23.07.2016 / 11:42
Мо дапяклі падозраным стаўленьнем у школе, бо, пішуць, што крычаў "Я немец!" Шыіцкага тэрарызму апошнім часам, бадай, не назіраецца
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру