Сёння ў Мінску на Паўночных могілках адбудзецца пахаванне забітага ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета. У храме Усіх Святых на вуліцы Каліноўскага, 121 праходзіць паніхіда, якая будзе доўжыцца да 14.00.

Развітацца з журналістам прыйшлі ўжо каля 500 чалавек. Чарга да ўвахода ў храм расцягнулася на добрых сто метраў. 

Журналістаў з тэхнікай у памяшканне, дзе стаіць труна, не пускаюць. Ля труны з целам Шарамета — жонка Паўла Наталля, сяброўка Алена Прытула, украінскі журналіст і дэпутат Мустафа Наем, супрацоўнікі амерыканскай амбасады. 

Таксама журналіст «Нашай Нівы» убачыў ля царквы намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Бузоўскага — ці падыходзіў ён развітацца з Шараметам, невядома.

Прысутнічаюць вышэйшыя чыны міліцыі ў цывільным, паводзяць сябе спакойна і карэктна. Шмат здымачных груп украінскіх тэлеканалаў — 1+1, Інтэр. Прыехалі і журналісты расійскага Першага канала, яны трымаюцца асабняком. За гадзіну, што праходзіць цырымонія развітання, не з'явіўся ніводзін беларускі афіцыйны канал. 

Да 12-й гадзіны тых, хто прыйшоў развітацца, было ўжо каля тысячы. Збольшага ў чарзе людзі сярэдняга веку, ёсць і моладзь. Ахова па перыметры храма паводзіць сябе спакойна, нікога не абшуквае. 

В.а. паверанага ў справах ЗША ў Мінску Джордж Нол: «Мы прыйшлі аддаць даніну памяці чалавеку, які быў верны сваім прынцыпам, змагаўся за свабоду слова і працы журналіста. Сваіх версій наконт таго, што здарылася, мы не выстаўляем — будзем чакаць афіцыйных». 

Лідар партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін: «З Паўлам мы не былі палітычнымі саюзнікамі, шмат у чым нашыя меркаванні разыходзіліся. Часам я не падрымліваў ягоны спрошчаны погляд на вырашэнне праблем у Беларусі. Нягледзячы на гэта, Павел, хоць не жыў на Радзіме, быў яе шчырым патрыётам. Беларусь шмат страціла з яго сыходам. 

У свой час, калі на Паўла завялі справу, я дапамог яму заехаць у Расію. Гэта тая маленькая дэтэктыўная гісторыя, што нас звязвае». 

Сустаршыня БХД Павел Севярынец: «З Шараметам мы былі знаёмыя даўно. Ён добра ведаў рэаліі трох краін — Беларусі, Расіі, Украіны. З яго сыходам Беларусь страціла зорку». 

Журналістка Святлана Калінкіна: «Цяжка сказаць, што зараз будзе з «Беларускім партызанам», бо там за ўсё адказваў Павел. Веру, што яго забойства будзе раскрытае, бо па гарачых слядах гэта зрабіць лягчэй». 

Калі труну з целам журналіста пачалі выносіць з царквы, прысутныя людзі пачалі спяваць «Магутны божа», заглушыўшы праваслаўных святароў, якія спявалі па-руску. 

А як толькі труну загрузілі ў машыну, людзі запляскалі ў далоні і не спыняліся хвілін пяць, паказваючы такім чынам павагу — калі ў апошні шлях, дык пад апладысменты. 

Сваякі Шарамета і шмат хто ў гэты момант не сталі стрымліваць сябе, заплакаўшы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?