У Мінску на развітанне з журналістам Паўлам Шараметам прыйшлі тысячы чалавек — яны ішлі няспынна цягам некалькіх гадзін. 

Сярод украінскіх сяброў, якія прыляцелі правесці Паўла ў апошні шлях, быў выбітны журналіст, цяпер ужо дэпутат Вярхоўнай Рады Мустафа Наем.

Ён падзяліўся з «Нашай Нівай» сваімі думкамі пра трагедыю і асобу Паўла.

Мустафа Наем — журналіст, дэпутат Вярхоўнай Рады. Чалавек, пасля твіта якога пачаўся Майдан. Фота: dusia.telekritika.ua

Мустафа Наем — журналіст, дэпутат Вярхоўнай Рады. Чалавек, пасля твіта якога пачаўся Майдан. Фота: dusia.telekritika.ua

Найперш Мустафа звярнуў увагу на тое, што развітацца з Шараметам прыйшло вельмі шмат людзей — не было куды складаць кветкі. І гэта нягледзячы на тое, што Шарамет не быў пісьменнікам ці вядомым палітыкам і нават даўно не жыў у Беларусі.

«Такія людзі, што нясуць светлае, добрае, аб'ядноўваюць іншых нават пасля сваёй смерці. І тыя, што прыйшлі, можа ніколі не бачылі адзін аднаго раней, але цяпер яны сустрэліся і бачаць, як іх шмат насамрэч. Гэта свабодныя людзі. Прыкра, што ў цяперашняй сітуацыі такіх людзей аб'ядноўваюць не святы, а трагедыі. І прыход такой колькасці спачуваючых — гэта сведчанне подзвіга Паўла, які палягае ў яго штодзённай рабоце. Ну і не будзем забываць, якую біяграфію ён тут пражыў, якім яго тут памятаюць», — сказаў Мустафа.

«Мне ён запомніўся светлым, аптымістычным чалавекам. І гэта не толькі пра прафесію — гэта агулам. Ён быў шчыры і адкрыты да ўсяго, што адбываецца, адкрыта прымаў свет. Заўсёды думаў пра людзей добра яшчэ да таго, як з імі сустрэўся. Такое апрыёры пазітыўнае стаўленне да свету. Праз гэта ён хутка знаходзіў кантакты, але быў жорсткі і заўсёды публічна агучваў сваю пазіцыю. Публічнасць і адкрытасць — вось ягоныя інструменты. Рэдкая ўласцівасць журналіста, які аддаў столькі гадоў прафесіі, бачыў процьму ўсяго, сядзеў у турме, прайшоў праз смерці калег і выгнанне. Хай тыя людзі, якія будуць чытаць гэты тэкст, параўнаюць сябе з ім — наколькі яны стомленыя ад жыцця, а ён быў камяком энэргіі, яна з яго лілася, Павал усяму радаваўся і знаходзіў час на ўсё». 

Развітанне з Шараметам у Мінску

Развітанне з Шараметам у Мінску

Таксама Наем звярнуў увагу на тое, што дзяржаўныя беларускія каналы засталіся сляпымі да пахавання Шарамета. Маўчанне захоўваў і Аляксандр Лукашэнка, у той час як нават Пятро Парашэнка прыйшоў учора на паніхіду па журналісту. 

«Гэта лёс усіх шчырых журналістаў, — сказаў Наем. — Яны ж не міністры, каб выказваць ім спачуванне на дзяржаўным узроўні. Але яны — полюс іншага парадку. І калі тысячы людзей у цэнтры беларускай сталіцы прыходзяць развітацца з чалавекам, дзясяткі журналістаў асвятляюць гэта, а прэзідэнт маўчыць… Гэта праява маральнай і этычнай слабасці Лукашэнкі, я для сябе гэта так тлумачу. Бо хоць Павал і быў грамадзянінам Расіі, але ён ганарыўся тым, што ён беларус, ён заўсёды гэта падкрэсліваў, расказваў нам пра сваю краіну і яе людзей. Ён, як і любы іншы чалавек, змушаны з'ехаць з радзімы, хацеў сюды вярнуцца». 

Што ж датычыць прычынаў забойства, то Мустафа перакананы, што яно мела на мэце запалохаць грамадства. Наем прызнаўся, што яму і самому страшна. 

«Для Украіны гэта вельмі адметнае забойства. Тут сукупнасць фактараў — «Украінская праўда» ужо некалі страціла праз забойства свайго ўплывовага журналіста Георгія Гангадзе, з якім, як і з Шараметам, у Алены Прытулы былі блізкія адносіны. Да таго ж усё гэта зроблена публічна — гэта была радыёкіраваная бомба, Паўла маглі ўзарваць на ціхай вулачцы, а не ў цэнтры. Але забілі паказальна і цынічна. Ён стаў сакральнай ахвярай — каб запалохаць усю краіну, бо рэакцыя СМІ і грамадства на яго смерць была прадказальная. Відавочна, што ў дзень забойства многія журналісты і палітыкі адчулі страх. 

Гэта здарылася не дзесьці, а тут — у тваёй краіне, у сталіцы. Краіна перастала дыхаць свабодна, страх занявольвае, ён забівае рацыянальнасць і логіку, вядзе да некантраляванай нянавісці. 

І глупствам было б казаць, што не было страшна. Асабліва ў першы дзень. Першая думка — што гэта можа здарыцца з кім заўгодна. І шмат хто ў гэты дзень з нашых калег, сядаючы ў машыну, думалі пра сваіх родных, сяброў, дзяцей і бацькоў. Думалі, што іншыя ўкраінцы найперш будуць глядзець на іх — публічных асоб. Але мы пераадолелі гэты шок і задзервяненне першых дзён без гістэрык. Украінская эліта павяла сябе годна», — мяркуе Наем. 

Што ж да думак пра выканаўцаў і замоўцаў тэракту, то тут украінскі дэпутат пакуль засцерагаецца ад наўпроставых абвінавачванняў.

«Гэта тэракт не супраць аднаго чалавека — гэта тэракт супраць свабоднай краіны. Каму гэта выгадна? Застрашыць нас выгадна той сіле, якая сядзіць у Крамлі. Я не буду казаць «Расіі», бо Расія — гэта вялікая краіна, я кажу менавіта пра людзей, якія кіруюць усім з Масквы. Відавочна, што Украіна, якая свабодна дыхае — гэта выклік для іх. Безумоўна, тут можа быць расійскі, беларускі, украінскі, прыватны, прафесійны — чый заўгодна след. Бо Павал пакінуў след у лёсах многіх людзей, і не абавязкова пазітыўны. Але забілі яго не падлеткі і не адмарозкі — гэта прафесійна зробленая работа. І цяпер, як я ведаю, львіныя сілы кінутыя на прагляд відэа, на работу на зямлі. Характар злачынства быў такі, што ён пакінуў шмат слядоў і яны паказваюць, куды рухацца. Я не магу казаць усяго, але думаю, што праз тыдзень-два, максімум тры, мы ўжо будзем мець нейкія вынікі, бо вядзецца каласальная праца. Трэба чакаць. Эфектыўнасць не ў тым, каб арыштаваць усіх падазроных, а каб арыштаваць вінаватых», — скончыў думку Мустафа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?