Генеральнай пракуратурай праведзена праверка па калектыўным звароце жыхароў некалькіх населеных пунктаў Пухавіцкага раёна аб парушэннях заканадаўства пры праектаванні і будаўніцтве завода па вытворчасці сродкаў абароны раслін ЗАТ «Адгуст‑Бел».

Як паведамілі ў прэс‑цэнтры Генпракуратуры, устаноўлена, што дадзеным таварыствам не выкананы шэраг патрабаванняў Інструкцыі аб парадку правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай і іншай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У сувязі са згаданымі акалічнасцямі Генпракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне в.а. дырэктара ЗАТ «Аўгуст‑Бел» аб недапушчальнасці парушэння закона і запатрабавала забяспечыць доступ грамадскасці для азнаямлення з заявай аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе і іншымі матэрыяламі, што тычацца ацэнкі ўздзеяння на ўсіх этапах праектнай дзейнасці.

Нагадаем, калектыўную скаргу ў Генпракуратуру жыхары пасёлкаў Дружны і Свіслач накіравалі 25 красавіка. Яны сцвярджаюць, што пры планаванні будаўніцтва завода была парушана Орхуская канвенцыя аб доступе да інфармацыі і ўдзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў. Меркаванне жыхароў сталі высвятляць ужо пасля таго, як пачаліся праектныя работы, і яно ніяк не паўплывала на іх правядзенне. У адозве зазначалася, што парушана і Канстытуцыя Беларусі: тыя артыкулы, у якіх гаворыцца аб абароне здароўя грамадзян і забеспячэнні іх бяспрекі. Апрача таго, у скарзе казалася пра шматлікія парушэнні ў праектнай дакументацыі ЗАТ «Аўгуст‑Бел». Завод плануецца будаваць у санітарна‑ахоўнай зоне Мінскай ЦЭЦ‑5, што заканадаўча забаронена. Работы на зямельным участку пачаліся да атрымання афіцыйнага дазволу.

Раённыя ўлады прынялі рашэнне аб выдзяленні зямлі для правядзення праектных работ прадпрыемствам ЗАТ «Аўгуст‑Бел» (уласнік — расійская фірма «Аўгуст») па вытворчасці сродкаў засцярогі раслін. На заводзе плануецца выпускаць ядахімікаты, пестыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі, а таксама рабіць утылізацыю ўгнаенняў, тэрмін годнасці якіх скончыўся.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0