Узброеныя людзі ў Ерэване, якія ўтрымлівалі амаль тыдзень у аддзяленні паліцыі некалькіх чалавек, вызвалілі ўсіх закладнікаў.

Паводле інфармацыі Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі, апошнімі вызвалілі намесніка кіраўніка паліцыі Арменіі генерал-маёра Вардана Егіазарана і намесніка начальніка паліцыі Ерэвана палкоўніка Валерыя Асіпяна.

У суботу раніцай стала вядома аб вызваленні дваіх з чатырох закладнікаў, якія заставаліся на той момант. Такім чынам, пасля вызвалення Егіазарана і Асіпяна ў захопленым будынку закладнікаў не засталося.

Узброеныя людзі захапілі будынак аддзялення паліцыі на ўскраіне Ерэвана 17 ліпеня.

Яны патрабавалі вызваліць каардынатара апазіцыйнага «Устаноўчага парламента» Жырайра Сефіляна, які знаходзіцца пад арыштам па абвінавачванні ў незаконным набыцці і захоўванні зброі.

У ходзе нападу на паліцэйскі ўчастак адзін супрацоўнік паліцыі быў забіты, яшчэ шасцёра атрымалі раненні.

18 ліпеня з захопленага аддзялення паліцыі былі вызваленыя два закладнікі, пасля чаго ў будынку засталіся чацвёра захопленых у палон паліцэйскіх.

У дзень захопу паліцэйскага аддзялення дзясяткі людзей былі затрыманыя паліцыяй на плошчы Свабоды ў цэнтры Ерэвана. Сярод затрыманых былі не толькі прыхільнікі руху «Устаноўчы сход» і актывісты апазіцыі, але і звычайныя грамадзяне.

Старшыня Хельсінкскага камітэта Арменіі Авецік Ішханян назваў дзеянні паліцэйскіх паляваннем на людзей.

«Я ўжо казаў журналістам, што пайшоў на плошчу (Свабоды), каб пабачыць на свае вочы. Затрымліваюць ўсіх без разбору. Гэта сапраўднае паляванне на людзей. Не думаю, што сітуацыя, якая склалася, можа апраўдваць масавыя затрыманні. Мяне гэта вельмі турбуе і насцярожвае», — сказаў праваабаронца.

Намеснік начальніка паліцыі Арменіі Унан Пагасян пазней настойваў на тым, што паліцыя дзейнічала ў рамках закона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?