У вёску Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна пасля вызвалення з калоніі вярнуліся два чалавекі, якія раней абвінавачваліся ў забойстве сям’і з шасці чалавек.

У ноч 1 чэрвеня 2005 года адбылося жудаснае злачынства ў Вялікай Машчаніцы. А праз дзень ужо былі затрыманыя шэсць маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай вёскі. Пяцёра з іх былі абвінавачаныя ў забойстве. Расследаванне па справе цягнулася амаль паўтары гады, адзінаццаць месяцаў ішоў судовы працэс у Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава. У выніку судовага разгляду пракурор запатрабаваў для двух падазраваных выключную меру пакарання – расстрэл. Яшчэ для трох чалавек – пажыццёвае зняволенне.

Аднак 2 лістапада 2007 года судовая калегія Магілёўскага абласнога суда ўсім гэтым хлопцам у сувязі з недаказанасцю віны вынесла апраўдальны прысуд. Адзін з падсудных – Аляксандр Клепча – быў вызвалены з-пад варты ў зале суда. Астатнія былі пакараныя тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў за іншыя злачынствы: крадзяжы ды згвалтаванне. У лютым 2008 году адбылося пасяджэнне Вярхоўнага суда РБ, які цалкам зацвердзіў прысуд Магілёўскага абласнога суда.

І вось у выніку абвешчанай у мінулым годзе амністыі 20 траўня быў вызвалены з-пад варты ў Аршанскай калоніі Генадзь Салаўёў, а 23 траўня – з Бабруйскай калоніі Сяргей Юшкевіч. Абодва адразу ж прыехалі да бацькоў у Вялікую Машчаніцу. Аднаго з іх у свой час пракурор патрабаваў прысудзіць да расстрэлу, другога – да пажыццёвага зняволення.

Дагэтуль няма адказу на галоўнае пытанне – хто забіў вясковую сям’ю з шасці чалавек, у тым ліку двух малых дзетак. Тым часам новыя зоркі на пагоны за гэты час паспела атрымаць амаль усё кіраўніцтва Бялыніцкага РАУС. Як кажуць людзі, – за тое, што ў свой час імгненна выконвалі любы загад былога старшыні райвыканкама Аляксандра Ільянава, які зараз сам знаходзіцца пад вартай.

Іван Барысаў, газэта "Свабода"

Глядзі яшчэ пра гэтае забойства:
Навошта нам такая міліцыя?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0