Пантыфік заклікаў прысутных на плошчы Святога Пятра маліцца за супакой загінулых

Пантыфік заклікаў прысутных на плошчы Святога Пятра маліцца за супакой загінулых

«У гэты час наша душа чарговы раз узрушана сумнымі навінамі, звязанымі з жудаснымі актамі тэрарызму і насілля, якія выклікалі боль і смерць. Я маю на ўвазе драматычныя падзеі ў Мюнхене ў Германіі і ў Кабуле ў Афганістане, дзе былі забітыя многія нявінныя людзі», — сказаў пантыфік 24 ліпеня 2016 г. падчас нядзельнай малітоўнай сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра.

Ён выказаў сваю блізкасць сем’ям загінулых і параненых і запрасіў сабраных на ватыканскай плошчы і ля радыё- і тэлепрымачоў далучыцца да яго малітвы, каб Бог натхняў усе добрыя і братэрскія намеры. «Чым больш непераадольнымі здаюцца цяжкасці і змрочнымі перспектывы бяспекі і міру, тым настойлівейшай павінна быць наша малітва», — падкрэсліў Папа.

Свае спачуванні ў сувязі з падзеямі ў сталіцы Баварыі Францішак даслаў на імя арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, кардынала Рэйнхарда Маркса. У тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна гаворыцца, што Пантыфік «лучыцца ў смутку і жалобе і выказвае сваю блізкасць у болю», «у малітве давярае памерлых Божай міласэрнасці», усім, хто пацярпеў ад нападу, выказвае сваё глыбокае спачуванне і дзякуе за дапамогу службам экстранай дапамогі і бяспекі. «Францішак просіць Езуса, Пана жыцця, каб усім даў сілы і суцяшэнне і прынёс надзею», — гаворыцца ў тэлеграме.

Таксама ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «Twitter» Папа запэўніў у сваёй малітоўнай памяці». «Я малюся за ўсіх ахвяраў тэрарызму ў свеце. Прашу, ніколі больш тэрарызму! Гэта шлях без выхаду», — напісаў ён.

У Мюнхене 18-гадовы чалавек забіў 22 ліпеня ў гандлёвым цэнтры 9 асоб і параніў 27, а затым пакончыў з сабой. Тэракт у Кабуле адбыўся 23 ліпеня. Адказнасць ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». 80 чалавек загінулі, больш за 230 атрымалі раненні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0