Від на кракаўскі замак Вавель. Фота: flickr.com/HRS Poland
У Кракаве пройдзе Ноч храмаў. Мерапрыемства арганізоўваецца па прынцыпе Ночы музэяў. Кожны, хто найбліжэйшай ноччу — зь нядзелі на панядзелак, — выберацца ў храмы, якія прымаюць удзел у акцыі, зможа наведаць закрыстыю (рызьніцу), месцы, дзе трымаюцца каштоўныя рэчы й прадметы, катакомбы ды іншыя памяшканьні, якія на штодзень зачыненыя.
Мерапрыемства пачнецца ўжо раньнім вечарам канцэртам у катэдры ў замку «Вавель» — былой рэзыдэнцыі польскіх каралёў. Удзел у Ночы храмаў бяруць ня толькі каталіцкія касцёлы, але й таксама музэі Кракаўскай мітраполіі, сынагогі ды храмы іншых веравызнаньняў. Уваход ва ўсе ўстановы Ночы храмаў бясплатны.
Звычайна Ноч храмаў адбываецца ў жніўні, але з увагі на Сусьветныя дні моладзі (СДМ), якія неўзабаве пачынаюцца ў Кракаве, было прынятае рашэньне перасунуць мерапрыемства на ліпень. Гэта зроблена для таго, каб удзельнікі СДМ — маладыя людзі з розных куткоў сьвету, — атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з сакральнай культурай былой польскай сталіцы.