23 мая ў Мінску прайшла асамблея «Беларускамоўнае навучанне і выхаванне: нацыянальная бяспека і незалежнасць краіны» прадстаўнікоў дзвюх грамадскіх аб’яднанняў «Таварыства беларускай школы» і «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны».

З аднайменным дакладам выступіў старшыня РГА «ТБШ» Алесь Лозка. У абмеркаванні яго прынялі ўдзел Алег Трусаў (ТБМ), Тамара Мацкевіч (ТБШ), Алесь Сядзяка (настаўнік, Мінск), Язэп Стэфановіч (прафесар, НАН), Таццяна Канопкіна (ТБШ, Гродна), Уладзімір Колас (педагог, рэжысёр), Вінцук Вячорка (БНФ), Алена Анісім (Інстытут мовазнаўства НАН) і інш.

Удзельнікі прынялі наступную заяву (падаецца далей).

Затым адбылася VII справаздачна‑выбарная асамблея Таварыства беларускай школы. Кіраўніком яго зноў абраны педагог і фалькларыст Алесь Лозка, намеснікамі — Алесь Сядзяка (настаўнік), Максім Чарняўскі (кандыдат гістарычных навук, археолаг НАН), Тамара Мацкевіч (ТБШ).

ЗАЯВА

асамблеі «Беларускамоўнае навучанне і выхаванне:нацыянальная бяспека і незалежнасць краіны», праведзеная 23 мая 2008 года грамадскімі аб’яднаннямі «Таварыства беларускай школы» і «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны»

Абмеркаваўшы стан навучання і выхавання ў адукацыйных установах краіны, прадстаўнікі дзвюх арганізацый канстатуюць, што апошнія 12 гадоў установы адукацыі краіны вымушаны працаваць ва ўмовах крайняй нестабільнасці.

Неапраўдана часта змяняюцца вучэбныя планы, праграмы, падручнікі. У канцы 90‑х гадоў падставай для замены дапаможнікаў была наяўнасць у іх гістарычнага сімвалу, як, напрыклад, у «Буквары». Цяпер выключаюцца з праграмаў творы таленавітых, у тым ліку народных, пісьменнікаў. Прапануюць скасаваць — таксама шляхам неапраўданага злучэння ў адну — навучальныя дысцыпліны. Перадузятаму рэфармаванню найперш паддаюцца дысцыпліны, якія фармуюць патрыятызм, грамадзянскія пачуцці, маральныя якасці, эстэтычны густ: літаратура, гісторыя, мастацкая культура.

Дзеля г.зв. аптымізацыі зачыняюцца школы, ліцэі, ВНУ, сярод якіх установы, якія складалі гонар беларускай адукацыі, — Беларускі гуманітарны ліцэй з яго рэгіянальнымі філіямі і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Неабгрунтаваная, амаль штогадовая змена правілаў прыёму ў ВНУ і размеркавання выпускнікоў стварае сітуацыю нераўнапраўя для абітурыентаў і выпускнікоў вышэйшай школы розных гадоў, прыводзіць да зніжэння якасці адбору будучых спецыялістаў, стварае нервовую атмасферу ў грамадстве ў цэлым.

Беларуская мова як мова навучання і выхавання, а таксама як прадмет надалей маргіналізуецца, дыскрымінуецца. Ствараюцца ўмовы для паслядоўнага скарачэння колькасці вучняў, якія займаюцца па‑беларуску.

Пазбаўленне навучэнцкай моладзі, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, ільготаў на праезд сур’ёзна ўплывае на дабрабыт іхніх сем’яў, стварае дадатковае сацыяльнае напружанне. Да гэтай праблемы істотна дадаецца недахоп студэнцкіх інтэрнатаў.

Школы і ўніверсітэты пачынаюць выкарыстоўвацца як інструмент палітычнага ўціску. З ВНУ па надуманых прычынах нават выключаюць найбольш таленавітых і творчых студэнтаў з патрыятычнымі і дэмакратычнымі перакананнямі (Акадэмія кіравання, БДЭУ, ГДУ, МДЛУ, БДУ і інш.). Не на дэмакратызацыю і асобу працуе навязаная кантрактная сістэма, псеўдаграмадскія арганізацыі ў адукацыйных установах.

Пра глыбокі крызіс у адукацыйнай сферы сведчыць неадпаведнасць цяперашняй беларускай адукацыі еўрапейскім стандартам, яе недастатковая фінансавая падтрымка і жорсткі ідэалагічны ўціск. Сотні прафесіяналаў з’язджаюць на працу за мяжу. Моладзевая эміграцыя набыла самыя маштабныя памеры.

Перад новым наступам на беларускую школу, які плануецца ў выглядзе чарговай псеўдарэформы, у абарону прафесіяналізму і педагагічнай кампетэнтнасці выступілі настаўнікі‑пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў розных гадоў, былыя работнікі Міністэрства адукацыі, найбольш свядомыя і знаныя ў гэтай сферы спецыялісты. Педагагічная і бацькоўская грамадскасць адчувае страх і трывогу з‑за пагрозы рэпрэсіяў.

Непрадбачлівыя ініцыятывы супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі і наваяўленых спецыялістаў у кіраўніцтве краіны адбіваюцца на прэстыжы Беларусі за межамі краіны, на грамадзянскім спакоі і перспектывах устойлівага развіцця дзяржавы. Неабходная сапраўдная рэформа, скіраваная на збліжэнне з еўрапейскімі стандартамі, на выхаванне адукаваных і карысных сваёй краіне грамадзянаў і патрыётаў, але яна нават не планавалася. Пытанне насамрэч не ў працягласці навучання, а ў стаўленні да нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Асамблея настойліва рэкамендуе:

Каб унікнуць паспешлівасці і новых памылак, Міністэрству адукацыі на працягу года правесці работу для асэнсавання і аналізу сітуацыі, навуковага і эканамічнага абгрунтавання і стварэння новай канцэпцыі развіцця беларускай адукацыі, угрунтаванай на нацыянальным і сусветным досведзе.

Разумеючы найважнейшае значэнне нацыянальна‑культурных каштоўнасцяў, беларускай мовы, гуманітарных прадметаў у фармаванні грамадзянскай супольнасці, адказнай за лёс краіны, у выхаванні высокіх чалавечых якасцяў, беларускага патрыятызму, адпаведна прадставіць у школьных вучэбных планах «Беларускую мову», «Беларускую літаратуру», «Гісторыю Беларусі», «Айчынную і сусветную мастацкую культуру», а таксама аднавіць экзамен па беларускай літаратуры.

Усведамляючы, што людзі нараджаюцца з неаднолькавымі магчымасцямі і задаткамі, пазбягаць непедагагічнага прынцыпу «адзін капыл» пры стварэнні канцэпцыі размеркавання сістэмы класаў і тыпаў устаноў (паглыбленыя, профільныя; гімназіі, ліцэі і г.д.), зберагчы створаную і апрабаваную сетку гімназіяў, ліцэяў, ліцэйскіх класаў.

З мэтай набліжэння нашай адукацыі да сусветных нормаў, росту яе прэстыжнасці ў грамадстве распрацаваць захады дзеля дапасавання сістэмы айчыннай адукацыі да Балонскага працэсу.

Забяспечыць належны кантроль за выкананнем канстытуцыйных нормаў выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах рэспублікі, Пастановы Міністэрства адукацыі ад 27 жніўня 2002 г. «Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі».

Асамблея выступае з ініцыятывай правядзення сёлета Бацькоўскага Форуму з удзелам прадстаўнікоў бацькоўскіх радаў і бацькоўскіх камітэтаў школ краіны з мэтай абмеркавання планаванай рэформы адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0