Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вымушанай міграцыі», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 28 чэрвеня гэтага года і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 30 чэрвеня.

За выключэннем асобных палажэнняў закон набывае моц 1 ліпеня 2017 года.

Так, з 1 кастрычніка 2017 года змяняецца з адных сутак да трох гадзін тэрмін, на працягу якога арганізацыі, суб'екты аграэкатурызму і індывідуальныя прадпрымальнікі, што даюць жылыя памяшканні для пражывання іншаземцам, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, абавязаныя інфармаваць органы ўнутраных спраў аб такіх іншаземцах. «Гэтая змена скіраваная на арганізацыю нацыянальнай бяспекі, выяўленне асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь, а таксама якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Там адзначаюць, што «палажэнні закона скіраваныя на аптымізацыю працэдур давання статусу бежанца, дадатковай абароны і прытулку ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама актуалізацыю міграцыйнага заканадаўства з улікам практыкі яго прымянення і патрабаванняў міжнародных дагавораў, удзельніцай якіх з'яўляецца Беларусь».

У прыватнасці прадугледжваецца ўдасканаленне парадку давання прытулку. Уводзіцца адзіная працэдура прыёму і разгляду хадайніцтва аб даванні статусу бежанца, дадатковай абароны і прытулку ў Беларусі, у выніку чаго будзе скарочаны тэрмін разгляду заяў іншаземцаў, якія выказалі жаданне скарыстацца абаронай. Як правіла, ён не будзе перавышаць паўгода.

Іншаземцы, якім дадзены прытулак у Беларусі, надзяляюцца такімі ж правамі, як і тыя, якім дадзены статус бежанца.

Акрамя таго, у адпаведнасці з законам органы пагранічнай службы надзяляюцца паўнамоцтвамі па прыёме ад іншаземцаў, якія знаходзяцца ў пункце пропуску цераз дзяржаўную мяжу і не маюць дзейных дакументаў для ўезду ў Беларусь, хадайніцтваў аб даванні статусу бежанца, дадатковай абароны і прытулку ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?