25.07.2016 / 21:40

Смяротнік з Баварыі быў прыхільнікам «Ісламскай дзяржавы» 1

Выхадзец з Сірыі, які ўчыніў выбух у горадзе Ансбах у Баварыі позна ўвечары ў нядзелю, прысягнуў на вернасць лідару «Ісламскай дзяржавы»: адпаведнае відэа было знойдзена ў яго тэлефоне.

Як паведаміў міністр унутраных спраў Баварыі Яахім Херман, на відэа мужчына кажа пра адплату, а таксама пагражае нанесці ўдар па немцах «у імя Алаха» за тое, што тыя, на яго думку, забіваюць мусульман.

На камп'ютары падазраванага знойдзеныя таксама відэаматэрыялы са сцэнамі гвалту, як сказана ў паведамленні следчых органаў, «ісламісцкай накіраванасці і салафісцкага зместу», а таксама матэрыялы па вырабе выбуховых прыстасаванняў.

Паліцыя лічыць, што ён самастойна вырабіў бомбу, у выніку выбуху якой 15 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку чацвёра — цяжкія, а сам падрыўнік загінуў. Выбух адбыўся ў нядзелю позна ўвечары, каля аднаго з бараў горада.

Кіраўнік МУС Германіі Томас дэ Мезьер паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Берліне, што «падрыўнік з Ансбаха», імя якога не называецца, двойчы спрабаваў забіць сябе і лячыўся ў псіхіятрычнай клініцы.

Таксама паведамлялася, што раней мужчына атрымаў дзве пастановы аб выдварэнні. Улады збіраліся дэпартаваць яго ў Балгарыю, дзе ён упершыню зарэгістраваўся ў якасці бежанца, паведаміў прадстаўнік МУС Баварыі Тобіас Платэ.

0
Н.М. / Адказаць
25.07.2016 / 22:11
То бок нямецкая паліцыя хацела "умыць рукі" і адправіць псіхічна хворага патэнцыйнага забойцу у Балгарыю (хай сабе там забівае?...)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру