«Я беларус і мая родная мова беларуская. Гэта не значыцца, што я размаўляю на ёй увесь час. Пакуль што не, — расказвае ў пачатку відэа чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў і дадае. — Але гэта значыцца, што я ведаю родную мову і стараюся паляпшаць свае веды».

Блізкія думкі выказваюць і некаторыя з герояў відэа.

«Калі да мяне звяртаюцца, то адказваю па-беларуску».

«Па-беларуску размаўляю пераважна з сябрамі».

«Па-беларуску я размаўляю ў асноўным з беларускамоўнымі».

І толькі адзін кажа: «Беларускія пчолы разумеюць толькі па-беларуску».

Для майго пакалення ў 90-я прынцыпам быў ПОЎНЫ ПЕРАХОД. Размаўляць ТОЛЬКІ ПА-БЕЛАРУСКУ з незнаёмымі людзьмі — гэта мы лічылі галоўным. Бо толку што мы гаворым па-свойму са сваімі? Ад гэтага колькасць сваіх будзе памнажацца паволі, меркавалі мы.

У 1990-я іншым быў кантэкст. Тады ў вёсках і старшыя людзі ў гарадах не гаварылі па-расейску. Цяпер тэлебачанне вёску зрусачыла. Праўда, затое ў Мінску колькасць прынцыпова беларускамоўных нават вырасла. 

Словы Гуркова і ягоных сяброў вынікаюць з рэальнай сітуацыі сённяшняга Мінска. Нават такая тактыка — для кагосьці недасяжны максімум.

У той жа час ёсць іншыя паспяховыя асобы, якія выступаюць з максімалісцкай праграмай. Яны гавораць па-беларуску скрозь і патрабуюць беларускамоўнай опцыі як абавязковай. 

Гэта дае плён: беларускамоўная версія сайта чыгункі, беларускамоўная магчымасць замоў у Вэлкаме, правы кіроўцы па-беларуску для ўсіх ахвотных у межах звыклай працэдуры.

Часам празмерная патрабавальнасць прыводзіць да канфліктаў, як у мінскай гімназіі №4.

«Гэта не значыцца, што я размаўляю на ёй увесь час. Пакуль што не», — такі памяркоўны падыход страхуе ад перахлёстаў. Ён адзіна магчымы для тых, хто ў сваёй мове не ўпэўнены. І, асабліва важнае пытанне, як успрымуць тваю мову ў тваім працоўным калектыве? Прасцей тым, хто прыходзіць беларускамоўным проста з універа, на першае ж працоўнае месца. Далей усё па інерцыі. Калі ж ты спачатку паставіў сябе расейскамоўным, табе цяжэй матываваць сябе на пераключэнне пазней.

У той жа час у некага ён мае вынікам паступовую «адмову ад мовы». Гэта як з курэннем. Калі я сказаў сабе «ўсё, больш не дакранаюся да цыгарэты», яно спрацоўвае. А калі «не, усё ж па пары цыгарэт у дзень спачатку, а пасля толькі цалкам кіну», то гэта звычайна нічога не дае. 

Мой калега Арцём кажа, што ён спачатку перайшоў на мову толькі Укантакце і толькі потым гаварыць пачаў.

Сам я трымаюся думкі, што толькі «поўны пераход» і «з усімі незнаёмымі — па-беларуску» дае эфект.

Але ў цэлым пытанне для мяне адкрытае: якая тактыка на сёння апраўданая і рэалістычная? Пішыце ў каментах тут і абмяркоўвайце ў сацсетках.

Беларуская мова мае шанец на выжыванне толькі калі яна мова сям'і.

Беларуская мова мае шанец на выжыванне толькі калі яна мова сям'і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?