Беларуская чыгунка пачала прымаць анлайн-заяўкі на ўключэнне ў састаў цягнікоў вагонаў для інвалідаў-вазочнікаў, паведамілі ў прэс-службе БЧ.

Паслугу дыстанцыйнага афармлення заяўкі на ўключэнне ў састаў цягніка спецыяльна абсталяванага вагона для перавозкі інвалідаў-вазочнікаў БЧ прадастаўляе з 25 ліпеня. «Для афармлення заказу дастаткова запоўніць форму, якая размешчана на сайце Беларускай чыгункі ў раздзеле «Паслугі пасажырам». Пасля апрацоўкі заяўкі спецыялісты БЧ звяжуцца з пасажырам і паведамяць яму аб магчымасці прычэпкі вагона», — расказалі ў прэс-службе.

Тут дадалі, што работнікі БЧ таксама акажуць садзейнічанне ў пад'ёме і апусканні вазка ў/з вагона, а пры неабходнасці і ў суправаджэнні па тэрыторыі вакзала або станцыі.

Беларуская чыгунка мае парк з 20 вагонаў, абсталяваных спецыяльным купэ. Цяпер пасажырскія вагоны, у якіх яны ёсць, курсіруюць у складзе цягнікоў нумар 4/3 Брэст-Масква, нумар 39/40 Полацк-Масква, нумар 52/51 Мінск-Санкт-Пецярбург, нумар 78/77 Гродна-Масква, нумар 86/85 Мінск-Кіеў, нумар 132/131 Брэст-Масква, нумар 649/650 Магілёў-Брэст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0