Зьдзівіла абсалютная сьціплая, абыякавая нават з боку афіцыёзных СМІ рэакцыя на навіну пра тое, што ВВП заняў пасаду кіраўніка Саюзнай дзяржавы. Нават пра тур Мілінкевіча па правінцыі газэтчыкі пішуць больш. Адна надзея ў фанатаў Саюзу: ў галаве Уладзіміра Уладзіміравіча круцяцца сёньня абсалютна іншыя думкі. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Вось і ўсё. Фініта ла камэдыя. Як казаў Астап Бэндэр — «збылася мара ідыёта». Я кіраўнік Саюзнай Дзяржавы, старшыня Саюзнага Міністэрства!

Які гэта кайф! О-о-оо!

Нарэшце!

Цяжка згадаць як і колькі я ішоў да гэтага майскага дня 2008-га., калі Лукашэнка падмахнуў загад пра маё прызначэньне.

З самага дзяцінства я марыў пра тое, каб муціць інтэграцыю брацкіх народаў. Як зараз памятаю той дзень, калі мне ў галаву запала гэтая фатальная думка. У СССР прыехаў лідэр нейкай сацыялістычнай краіны Афрыкі, двухмэтровы чарнаскуры жлоб. У праграме «Время» быў рэпартаж з Шарамецьева. Шчуплы Суслаў смачна пацалаваў барацьбіта з каляніялізмам у вусны. «Інтэграцыя прагрэсіўных народаў у дзеяньні», -- пракамэнтаваў дыктар пацалунак.

Інтэграцыя!

Ідэя таго, што можна нешта інтэграваць жудасна зацікавіла мяне.

У той час, калі іншыя дзеці гулялі у жмуркі і цыганілі ў бацькоў 30 капеек на «Бураціна», я пачаў ставіць першыя спробы інтэграцыі. Спачатку гэта былі кубікі, папера, бацькаў партбілет і прафсаюзная кніжка.

А што калі нам інтэграваць дзяржавы?, -- падумай я аднойчы. У тую ноч я ня спаў. Я зьляпіў плястылінавую саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. У школе аднаклясьнікі дражнілі мяне Воўка-інтэграла. Як было агідна чуць ад іх: «глядзі Воўка-інтэграла, пайшоў. Гэй, Воўка, калі пакажаш нам нарэшце праект канстытуцыі Саюзнай дзяржавы? Што, дагэтуль не распрацаваў мэханізм прызначэньня Вышэйшага кіраўніцтва? Ха-ха-ха!»

Потым унівэрсытэт. Зноў зьдзекі. Бачылі б вы вочы камсорга, калі я прапанаваў яму намаляваць да насьценгазэты факультэту дадатак «Саюз».

А жонка? Гэтыя скандалы: «Я ведаю чаму я цябе па барабану, ведаю -- аб чым ты думаеш у ложку — аб дружбе славянскіх народаў!»

У КГБ я падаўся, каб забыць пра інтэграцыю. Наіўны! Думаў, што для шпіёна, які жыве эмоцыямі -- пагоні, перастрэлкі, радысткі Кэт -- гэта будзе як два пальцы.

Нічога падобнага. Нават прызначаючы яўкі і паролі я праколваўся: «Такім чынам, -- казаў я агенту ў Дрэздэне, -- прыйдзеш на яўку,скажаш пароль: «Вярхоўны дзяржсавет пастанавіў выраўняць асноўныя макраэканамічныя паказьнікі і праводзіць адзіную структурную палітыку». Адказ: «Пастаянны камітэт саюзнай дзяржавы праводзіць гуманітарнае вымярэньне Саюзу». Паўтары».

Забіў на ўсё і з галавою сышоў у працу чыноўніка. Нечакана для сябе зрабіў буйную карьеру: прэм’ер, выканаўца абавязкаў Ельцына, прэзыдэнт.

Я разумеў, што на гэтым этапе галоўнае не сарвацца. Ведаеце, колькі нэрваў мяне гэта каштавала? На абсалютна беспантовых саюзных самітах сядзеў як той даўн. На самой справе хацелася схапіць яго за грудкі, зараўці: «Прызнач мяне, прызнач старшынём Саюзнай Дзяржавы! Я аддам табе ўсё, што маю — жонку, грошы, Газпром, Смаленск!»

Неяк стрымаўся.

Ну, і нарэшце апэрацыя “пераемнік”. Гэтыя Каспаравы, Хакамады, Касьянавы спачатку думалі, што я рыхтую зьмену Канстытуцыі, што мне трэба пасада прэзіка, потым -- што я застаюся прэм’ерам толькі для таго, каб не згубіць уладу.

Дурні! Нашто мяне ўлада? Гэта пыл. Вось мэта усяго майго жыцьця — інтэграцыя!

Ладна, хопіць настальгічных экскурсаў. Я дасягнуў таго аб чым марыў і самы час атрымаць нечалавечы экстаз. Пайду пачытаю праект бюджэту Саюзу на 2008-ы год. Глядзі ты, толькі падумаў, ужо пачала капітальна кілбасіць!

О-о-оо!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?