Уладальнік кампаніі «Sohra Overseas», якая нядаўна стала партнёрам брэсцкага «Дынама», Поль Даэр распавёў пра цікавасць да каманды.

— Па Брэсце ўжо даўно ходзяць чуткі пра тое, што ў «Дынама-Брэст» прыйшлі шэйхі…

— Мая сям'я каранямі з Лівана, ужо даўно жывём у Эміратах. Наша сям'я носіць тытул шэйхаў. Гэта праўда. Я чацвёрты з пяці сыноў.

— І як шэйх спыніў свой погляд на Брэсце?

— Я размаўляў з адным з мінарытарных уладальнікаў «Манчэстэр Сіці», у якога ў Беларусі ёсць бізнэс-інтарэсы, і ён парэкамендаваў звярнуць увагу на «Дынама-Брэст» яшчэ ў лютым. На той момант мы завяршалі ўгоду аб куплі дубайской кампаніі SOHRA Overseas. Але мы хварэем футболам, і як толькі ўладзілі юрыдычныя пытанні, адразу прыступілі да перамоваў з Брэстам.

— Ці не бянтэжыць, што каманда цяпер знаходзіцца ўнізе турнірнай табліцы?

— 13-е месца? Не бянтэжыць. Лепш купляць актыў на дне рынку і развіваць яго.

— Брэст паспелі паглядзець?

- Толькі спартыўныя аб'екты. Паспеем яшчэ. Наш менеджар Ранія Аль-Такан была ў Брэсце на днях, вельмі шмат гаспадарчых пытанняў…

— І чым цяпер даводзіцца займацца?

— Вырашана ўжо даволі шмат: набылі мікрааўтобус, які ўжо калясіць па горадзе з лагатыпам «Дынама-Брэст», закуплены спартыўны інвентар, пачалася праца па футбольнай Акадэміі, фарбавалі клубны аўтобус…

— Чаго чакаць у бліжэйшы час?

— Увесь склад клуба, уключаючы трэнерскі штаб і адміністрацыю, пачне займацца англійскай мовай — у наш час вельмі важна валодаць замежнымі мовамі. Спадзяюся, паспеем, і футбалісты выйдуць на поле ў новай форме. Чаго чакаць? Усяго добрага! 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?