Станіслаў Шушкевіч, лідэр Сацыял‑дэмакратычнай Грамады: «Гэта адзіна правільная ідэя»

Мне на сёньняшні дзень здаецца, што гэта адзіна правільная ідэя. Але я ня ў праве вырашаць гэтае пытаньне сам па сабе. Мы зьбярэм у бліжэйшы час цэнтральную раду. Улічваючы тое, што спадарыня Ярмошына дрэнна адрэагавала на наш ліст да яе наконт таго, каб зрабіць падлік галасоў адкрытым і прыстойным, відавочна, што байкот застаецца адзіным выйсьцем з палітычнай сытуацыі на гэты момант. Але ўсё вырашыць наша цэнтральная рада.

Валянцін, праграміст:«Байкот — контрпрадуктыўная ідэя»

Калі б нейкія партыі, якія маглі рэальна сабраць пад трыццаць працэнтаў галасоў, байкатавалі выбары, гэта было б, прынамсі, гучна. Але ў нашым выпадку важней зафіксаваць парушэньні закону з боку ўладаў, чым быць выбранымі ў палату. Таму байкот — абсалютна контрпрадуктыўная дзея.

Раман Якаўлеўскі, журналіст:«Я асабіста байкатую выбары»

А я ўсе апошнія выбары байкатую асабіста. Таму што існуючы ў Беларусі выбарчы кодэкс не забясьпечвае вольнага волевыяўленьня выбарца. Я ня бачу ніякага сэнсу гуляць у гэтыя гульні. Гэта дыскусія на тэму, колькі павінна быць квадратных мэтраў у клетцы. Таму я асабіста байкатую заўсёды. І таму стаўлюся да байкоту станоўча.

Яўген, бізьнесмэн: «Ня трэба быць блазнамі»

Я не падтрымліваю гэтыя гульні. Але той, хто хоча, каб тут была дэмакратыя, павінен рабіць тое, што павінен. Павінны вылучацца кандыдаты, павінна весьціся агітацыя, парушэньні павінны рэгістравацца. Ня трэба быць блазнамі. Трэба з уладаў рабіць блазнаў. Хай яны парушаюць уласныя законы. А сказаць, што «мы неябудзем прымаць удзел у фарсе» — гэта аддаць усё Лукашэнку. Што яму і трэба. Для ягоных будучых разважаньняў пра «маргінальную апазыцыю».

Сяргей Клякін, лідэр ПКБ: «Байкот — гэта слабая пазыцыя»

Не падтрымліваю, бо байкот ва ўмовах Беларусі — гэта проста глупства. І тыя, хто яго прапануюць, проста не разумеюць палітычную сытуацыю. Хай ня ўдзельнічаюць «у фарсе». Лягчэй легчы на канапу і піць піва. З гэтага вынікае іншае пытаньне. А навошта наогул весьці палітычную барацьбу з рэжымам, калі ўсё відавочна? Рэжым моцны, ён кантралюе ўсё наогул. Навошта займацца палітычнай дзейнасьцю. Трэба легчы на канапу і чакаць сьмерці ці сваёй ці гэтага рэжыму. Байкот — гэта вельмі слабая пазіцыя. Яна магчымая тады, калі, наадварот, ёсьць нейкія дэмакратычныя ўмовы. Тады можна зрабіць нешта для таго, каб людзі не прыйшлі на выбары. А для гэтага патрэбна, каб людзі ведалі, чаму яны не павінны ісьці. А для гэтага трэба мець у руках моцныя сродкі масавай інфармацыі. Нашага грамадзяніна хутчэй можна ўгаварыць пайсьці на выбары, чым байкатаваць выбары. Гэта вельмі доўгая праца, і байкот вельмі рэдка дзе ўжываецца ў сьвеце. І з дапамогай байкоту ніхто яшчэ не прыходзіў да ўлады.

Сяргей, бухгалтар: «Лепш пачакаю прэзыдэнцкіх выбараў»

Я на гэтыя выбары не пайду. Але гэта не байкот. Проста ня бачу сэнсу ў гэтым. Альбо яны выкінуць мой бюлетэнь «за апазыцыянэра», калі я пайду. Альбо паставяць птушку «за свайго», калі я не пайду. Што ад гэтага зьменіцца? Я лепш пачакаю прэзыдэнцкіх выбараў.

Алесь Анціпенка, культуроляг: «Пытанне зададзена нашаму грамадзтву»

Я настолькі глыбока задумаўся над гэтым пытаньнем, што ня маю адказу. Я спрабую зразумець для сябе, якое рашэньне трэба прыняць. Зразумець ня сэрцам ці інтэлектам, але ўсёй сваёй істотай. І сёньня я ніяк не магу адказаць. Гэтае пытаньне зададзена нашаму грамадзтву. Грамадзтва на яго ніяк не рэагуе. А некаторыя задумаліся. У тым ліку і я. Мяне стрымлівае з пэўным адказам адсутнасьць рацыянальнага разьліку. Я пакуль не магу пралічыць сытуацыю. Я не кіруюся сэрцам. Я не кіруюся інтуіцыяй. Я кіруюся рацыянальным разьлікам, які базуецца на сэрцы, на інтуіцыі і на спробе зразумець, што ёсьць Беларусь. І пакуль гэта ўсё ў мяне не складаецца ў адказ.

Алена, студэнтка: «А раптам мой голас нешта вырашыць»?

У мяне гэтыя выбары будуць першыя ў жыцьці, калі я змагу прагаласаваць. І што? Вы мне раіце не скарыстацца сваім голасам? Не, я на выбары пайду абавязкова. Хочацца пабыць дарослай. А раптам, мой голас нешта вырашыць?

Алесь Міхалевіч, БНФ: «Байкот не падтрымліваю»

Не, я не падтрымліваю ідэю байкоту выбараў. Я лічу, што вельмі важна, каб усе дэмакратычныя сілы дамовіліся адносна супольнай тактыкі. Паколькі я ня бачу верагоднасьці, што большасьць дамовіцца адносна байкоту, то я яго і не падтрымліваю.

Валянцін Акудовіч, філёзаф: «Удзел у выбарах разбурае стэрэатыпы пра апазыцыю»

Не падтрымліваю і ніколі не падтрымліваў. Мне добра вядомыя аргумэнты тых, хто заклікае да байкоту. Перадусім гэта тое, што дэпутаты ў Вярхоўны Савет рэальна ў нашай сытуацыі не абіраюцца, а прызначаюцца ўладамі. Што ня маючы шанцаў перамагчы, апазыцыя сваім удзелам толькі легітымізуе ўладу. Гэтыя і мноства іншых аргумэнтаў слушныя. Але толькі прымаючы ўдзел у выбарах, апазыцыя рэальна легітымізуе сябе ў вачах беларускага грамадзтва. Юрыдычная рэгістрацыя палітычных партый і рухаў — гэта толькі фармальны акт. Вулічныя акцыі — толькі форма супраціву ўладам. А вось выбары — гэта ўжо сапраўднае сьведчаньне таго, што апазыцыя рэальна выяўляе сябе ў палітычных працэсах краіны. Ёсьць яшчэ адзін вельмі істотны аргумэнт супраць байкоту. Для асноўнай масы насельніцтва Беларусі, як, дарэчы, і для ўсіх структураў улады, апазыцыя бачыцца ворагам і народу, і дзяржавы. І таму кожны легітымны ўдзел апазыцыі ў выбарах проста ці ўскосна калі не разбурае, дык ставіць пад сумнеў гэты стэрэатып. Карацей кажучы, байкатаваць выбары — гэта з уласнае волі мацаваць стэрэатып апазыцыі як ворага беларускага народу.

SvabodaBY.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0