Агулам удзельнікаў было два дзясяткі — людзі трымалі нацыянальныя сцягі, стаўшы ў ланцуг перад Філармоніяй ля Плошчы Якуба Коласа. 

Разам з гэтым партыя БНФ збірала подпісы за вылучэнне сваіх сяброў кандыдатамі ў дэпутаты, а таксама за рэабілітацыю пісьменніцы Ларысы Геніюш — уключэнне яе твораў у школьную праграму. 

Міліцыі было ледзь не болей за пікетоўшчыкаў. Асобы ў цывільным здымалі на камеры нават тое, як людзі аддаюць свой подпіс за кандыдата ад БНФ — а такіх мінакоў было нямала. 

Адзін з актывістаў таксама трымаў у руках сцяг ЗША, на пытанне карэспандэнта «Нашай Нівы», навошта ён прынёс яго на беларускі Дзень Незалежнасці, мужчына ўцямна не адказаў. 

Але ж адзін з ягоных паплечнікаў патлумачыў, што ЗША выступае гарантам незалежнасці Беларусі згодна з Будапешцкім мемарандумам, а таксама не прэтэндуе на нашую тэрыторыю, як некаторыя ўсходнія суседзі. 

Людзі фатаграфуюцца з амерыканскім сцягам

Людзі фатаграфуюцца з амерыканскім сцягам

Варта ўсё ж дадаць, што мінакі ўспрымалі амерыканскі сцяг не вельмі прыязна. 

Агулам лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч ацаніў акцыю пазітыўна, сказаўшы, што добрае надвор'е і час паспрыялі таму, каб нацыянальную сімволіку на вуліцах Мінска ўбачыла як мага болей людзей. 

Лідар БНФ Аляксей Янукевіч

Лідар БНФ Аляксей Янукевіч

Таксама Янукевіч зазначыў, што цягам гэтай выбарчай кампаніі шэрагі БНФ пачалі поўніцца людзьмі, якія выказваюць жаданне запісацца ў партыю, проста падыходзячы да пікетаў на вуліцах. 

«Перамены магчымыя, трэба паверыць у гэта, а не чакаць, пакуль хтосьці прыйдзе і за вас штосьці зробіць», — падсумаваў лідар БНФ. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?