27.07.2016 / 20:12

«Ветрачок», «Двері Білорусіі»… Ва Украіне множацца фэйкавыя беларускія брэнды 11

Беларусы скардзяцца на якасць айчынных тавараў — беларуская вопратка ці тэхніка набываецца ў выпадку, калі няма грошай на імпартны аналаг. Тым часам у суседзяў «беларускае» стала сінонімам якаснага і добрага прадукту. Напрыклад, ва Украіне існуе ўжо цэлы шэраг псеўдабеларускіх брэндаў, якія выкарыстоўваюць як беларускую сімволіку, так і беларускую мову. І добра прадаюцца!

«Белая бяроза»

Аднымі з першых «украінскіх беларусаў» сталі вытворцы марозіва пад назвай «Белая бяроза» (яно называецца менавіта так, па-беларуску). Прычым нават сайт зарэгістравалі ў зоне.by.

Фота — irecommend.ru

«Назва «Белая Бяроза» кажа пра тое, што мы родам з Беларусі, хоць глебу для ўкаранення і станаўлення брэнда мы знайшлі ў гасціннай Украіне! І гэта нездарма!

Вырабляць сапраўдны беларускі пламбір на радзіме, а потым пастаўляць яго ва Украіну, улічваючы адлегласць дастаўкі, мытныя працэдуры, адсутнасць аптымальна размешчаных спецыялізаваных халадзільных складоў і ўсе далейшыя лагістычныя дзеянні, а таксама выдаткаваны час, могуць негатыўна адбіцца на якасці прадукту.

Таму, маючы арыгінальныя рэцэптуры і адроджаныя тэхналогіі вытворчасці марозіва, а таксама маючы магчымасць пастаўляць з Беларусі асноўную сыравіну, мы звярнуліся да вядучых вытворцаў марозіва ва Украіне, і паспяхова вырабляем яго ў «непасрэднай блізкасці» ад спажыўца!» — тлумачаць вытворцы.

Брэнд набыў папулярнасць — сёння пад гэтай гандлёвай маркай прадаюцца ўжо і пельмені, і варэнікі. Вырабляецца «Белая Бяроза» ў Адэсе, Крапіўніцкім і Дняпры.

Праўда, украінскіх вытворцаў трохі падвялі веды сучаснай геаграфічнай назвы нашай краіны. На сайце кампаніі то тут, то там праскоквае назва «Белоруссія», што малаімаверна для сапраўднага беларускага брэнда.

«Двері Білорусіі»

Кампанія з такой назвай існуе аж з 2005 года. 

Фота — dveribelorussii.0629.com.ua

За гэты час з’явілася 135 фірменных салонаў, інтэрнэт-крама, 130 брэнд-аддзелаў у пунктах продажу партнёраў кампаніі, больш за 300 мантажных брыгад і партнёрскіх будаўнічых кампаній. Вырабляюць і прадаюць дзверы, вокны. У 2007 і 2008 гадах кампанія нават атрымала званне «Найлепшага прадукту года», і ўвогуле, спіс узнагарод і дасягненняў даволі вялікі.

Сімвал кампаніі — чырвоны зубр. 

У адрозненне ад «Белай бярозы», назва кампаніі напісаная па-украінску. 

«Белорусскій Пломбір»

«Просте, світле, як Білорусь, морозиво пломбір у брикеті!» – кажуць маркетолагі украінскай кампаніі «Ласка».

Фота — besarab.su

Цяпер марозіва названае на расейскай, раней – называлася «Пломбір Белорусіі» па-украінску. Да Беларусі ў тым марозіве мае дачыненне толькі назва. Вытворчасць месціцца выключна ва Украіне — Цярнопаль і Крапіўніцкі.

Праўда, варта адзначыць, што ўсё марозіва фірмы так ці інакш прымеркавана да іншых краін: ёсць нібыта бразільскае, кітайскае, амерыканскае і гэтак далей. Маецца на ўвазе смак, а не вытворчасць. Праўда, пачак «беларускага» ўсё ж мае найбольш аўтэнтычны выгляд — у аздабленні выкарыстоўваюцца колеры беларускага дзяржаўнага сцяга і нацыянальныя ўзоры.

«Беларускія нацыянальныя традыцыі»

Пад такой назвай прадаюцца малочныя прадукты, вытворчасць якіх месціцца ва ўкраінскім Запарожжы.

Фота — zakaz.ua

«Всем давно известно, что традиции белорусского майонеза сохранились ещё с советских времён. В составе майонеза «Нацыянальныя беларускія традыцыі» исключительно качественные натуральные ингредиенты. Постоянный контроль качества майонеза «Нацыянальныя беларускія традыцыі» гарантирует безопасность продукта, что подтверждается соответствующими сертификатами. Предлагаем и Вам попробовать майонез «Нацыянальныя беларускія традыцыі» — настоящий и качественный продукт. Приятного аппетита!» — на чыстай расейскай паведамляюць спажыўцу ўкраінскія вытворцы «беларускага» прадукту.

«Мінскае Жыгулёўскае»

Пакупнікоў вабіць не толькі беларуская малочка — піва таксама карыстаецца папулярнасцю. Знайсці «Мінскае Жыгулёўскае» можна амаль у кожнай краме па ўсёй Украіне.

Фота — Аляксей Закрэўскі

Спачатку гэтае піва разлівалі выключна на мінскай «Аліварыі», але пару гадоў таму вытворчасць пачалася і на львоўскім заводзе міжнароднага піўнога гіганта — дацкай кампаніі «Карлсберг». Гэта не дзіўна — «Аліварыя» таксама ўваходзіць у «Карлсберг груп», больш за 60% акцый належаць дацкай кампаніі.

Праўда, сцвярджаецца, што ўкраінскі аналаг робіцца «строга па беларускай тэхналогіі».

«Ветрачок»

Лінейка ліманадаў з такой назвай таксама пазіцыянуецца як беларуская.

Фота — Антон Семіжэнка

На этыкетках беларускія словы: «Дзюшэс», «Сітро», чырвона-зялёны беларускі арнамент. Вось толькі ёсць два прынцыповыя моманты. Па-першае, аўтары брэнда не ведалі, што слова «ветрачок», у адрозненне ад «вятрак», пішацца па-беларуску праз «е». І, па-другое, вытворчасць «Вятрачкоў» таксама месціцца не ў Беларусі — ліманады разлівае кампанія «Славуціч», якая з’яўляецца часткай канцэрну «Карлсберг Украіна».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

УШ

0
Василий Коляда / Адказаць
27.07.2016 / 21:45
Дружба цi cяброÿcтва?
0
а1" / Адказаць
27.07.2016 / 22:11
ці беларускае слова "дружа"? Але, калі шчыра, "сяброўства" было б лепей...
0
Н / Адказаць
27.07.2016 / 22:12
Як трэба па-украінску, так і пішуць. Гэта толькі здуру нехта можа дамагацца каб ва ўкраінскай мове абавязкова была якая-небудзь Білорусь.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру