Найбліжэйшым часам Літва накіруе Беларусі ноту з просьбай падаць інфармацыю аб выніках расследавання інцыдэнту на будпляцоўцы Беларускай АЭС, паведамілі ў прэс-службе МЗС Літвы.

У знешнепалітычным ведамстве ўдакладнілі, што як толькі з`явілася інфармацыя пра інцыдэнт 10 ліпеня ў беларускіх СМІ, літоўскае МЗС неадкладна папрасіла растлумачэнняў у пасольства Беларусі ў Вільнюсе. У адказ беларуская дыпмісія перадала заяву Міністэрства энергетыкі Беларусі аб тым, што «няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці».

У МЗС Літвы падкрэслілі, што ў інтарэсах агульнай бяспекі, а таксама ў інтарэсах самой Беларусі яна павінна неадкладна праінфармаваць МАГАТЭ і суседнія краіны аб усіх дэталях здарэння.

Нагадаем, 25 ліпеня ў СМІ з`явіліся паведамленні, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнай трэніровачнай ўстаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.

«На справе, паводле інфармацыі генеральнага падрадчыка АТ «Атамстройэкспарт», няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці», — паведаміла ў сувязі з гэтым Мінэнерга.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларуская АЭС», якое з`яўляецца замоўцам праекта, «неадкладна запатрабавала ў генеральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакументы і звесткі. Аналіз гэтай сітуацыі працягваецца», адзначалася ў каментарыі. «Пасля ўсебаковага вывучэння беларускімі спецыялістамі пададзенай АТ «Атамстройэкспарт» інфармацыі будзе прымацца адпаведнае рашэнне. Пры гэтым беларускі бок будзе найперш кіравацца неабходнасцю безумоўнай арганізацыі бяспекі станцыі, якая будуецца», — запэўнілі ў Мінэнерга.

Гэта ўжо не першае паведамленне аб НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. МЗС Літвы двойчы (у маі і чэрвені) уручала паслу Беларусі ноту ў сувязі з магчымымі інцыдэнтамі на пляцоўцы АЭС, якая будуецца за 50 кіламетраў ад Вільнюса.

Інцыдэнты, якія паўтараюцца на Беларускай АЭС, паказваюць, што асцярогі Літвы адносна бяспекі гэтай станцыі абгрунтаваныя, заявіла 26 ліпеня літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ. «Беларусь унікае ад адказаў на пытанні пра бяспеку, не жадае пусціць назіральнікаў, і гэта выклікае ў нас непакой ўвесь час, — сказала яна. — Аварыйныя выпадкі, што паўтараюцца адзін за адным, паказваюць, што нашы асцярогі былі абгрунтаваныя, таму Літва і ў далейшым будзе імкнуцца разам з міжнароднай супольнасцю паўплываць, каб патрабаванні да бяспекі былі гарантавана захаваныя».

Паводле слоў літоўскага прэзідэнта, калі Беларусь не прыме меры да захавання стандартаў бяспекі, Літва разам з міжнароднай супольнасцю пастараецца перашкодзіць дзейнасці станцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?